Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі зьвярнуўся зь лістом да старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь Зайцава Вадзіма. Прычына звароту — сытуацыя, якая склалася вакол сябра Партыі БНФ Аляксандра Меха, які вылучаецца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь па Кобрынскай выбарчай акрузе № 12.

Нагадаем, што Аляксандр Мех быў звольнены з Упраўленьня магістральных газапровадаў з пасады інжынэра па эксплюатацыі газавых сетак нізкага ціску. Фармальнай падставай звальненьня паслужыла сканчэньне тэрміна працоўнага кантракту. Але ж са слоў начальніка УМГ Галашка Уладзімера Міхайлавіча і начальніка Кобрынскага раённага аддзяленьня КДБ Басько Андрэя Антонавіча, звальненьне Аляксандра Меха наўпрост зьвязана зь ягоным удзелам у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

«Такім чынам супрацоўнік Вашай установы Басько А. А., непасрэдна парушаючы заканадаўства Беларусі, аказваў ціск на Аляксандра Меха, пагражаючы звальненьнем з працы за спробу рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права і вылучыцца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, — піша Лявон Баршчэўскі. — Гэты факт пацьвярджаецца ў тым ліку і аўдыёзапісам размовы, якую зрабіў Аляксандр Мех. Улічваючы, што пасьля размовы з вышэйадзначанымі службовымі асобамі, спадар Мех быў звольнены, можна лічыць, што паміж звальненьнем і размовай з Вашым супрацоўнікам ёсьць прамая сувязь. Сыходзячы з гэтага, я раблю выснову, што Аляксандр Мех быў звольнены за рэалізацыю свайго законнага права і грамадзка‑палітычную пазыцыю, і да гэтага прыкрага звальненьня маюць дачыненьне і супрацоўнікі КДБ Рэспублікі Беларусь».

На свой зварот у УКДБ па Берасьцейскай вобласьці Аляксандр Мех атрымаў адказ, зь якога бачна, што абласное ўпраўленьне КДБ сьвядома пакрывае сваіх супрацоўнікаў, у дзеяньнях якіх можна назіраць прыкметы крымінальнага злачынства, прадугледжанага арт. 191 КК Рэспублікі Беларусь.

«На жаль, органы КДБ з інстытуту абароны нацыянальных інтарэсаў беларускага народу ператварыліся ў орган палітычнага ціску і рэпрэсіяў у дачыненьні да актывістаў дэмакратычных арганізацый і партый, — сьцьвярджае ў лісьце Лявон Баршчэўскі. — У парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь адбываецца ціск і запалохваньне студэнтаў, спробы шантажу і схіленьня да супрацоўніцтва. Органы дзяржаўнай бясьпекі часта выкарыстоўваюць і крымінальны перасьлед у дачыненьні да апанэнтаў сёньняшняга палітычнага рэжыму.

Я вельмі спадзяюся, што ў КДБ высьпявае разуменьне неабходнасьці вяртаньня да законнасьці і абароны сапраўдных інтарэсаў грамадзтва, і таму вы дасьце належную ацэнку дзеяньням супрацоўнікаў УКДБ па Берасьцейскай вобласьці, якія маюць дачыненьне да незаконнага перасьледу і звальненьня Александра Меха».

Лявон Баршчэўскі запатрабаваў правесьці службовую праверку ў дачыненьні да начальніка УКДБ па Кобрынскаму раёну Берасьцейскай вобласьці Басько Андрэя Антонавіча, даць ацэнку яго дзеяньням у дачыненьні да сябра Партыі БНФ Аляксандра Меха і прыняць меры па ўзнаўленьні правоў Аляксандра Меха.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?