Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС сталіцы па падазрэнні ў здзяйсненні серыі хуліганстваў затрыманы 26-гадовы жыхар Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, перадае прэс-служба ведамства. 

Раніцай у міліцыю звярнулася жанчына і паведаміла, што прыкладна ў 5 гадзін 30 хвілін, калі яна ішла на працу, у раёне станцыі метро Спартыўная на яе напаў невядомы мужчына, які паспрабаваў пацягнуць яе, схапіўшы за валасы, у лесапаркавую зону. Аказваючы супраціў нападніку, жанчына атрымала траўму — зламыснік зламаў ёй нагу і, не дамогшыся жаданага, уцёк у невядомым кірунку. Пацярпелай удалося запомніць прыкметы хулігана і перадаць іх праваахоўнікам.

Праз гадзіну ў міліцыю звярнулася яшчэ адна мінчанка, якая паведаміла пра напад на яе мужчыны з падобнымі прыкметамі. Раніцай гэтага ж дня яна ішла на працу. На прыпынку чакала грамадскі транспарт. Раптам з-за спіны падышоў мужчына і закрыў ёй рот рукой. Жанчыне ўдалося вырвацца з рук нападніка і забегчы ў тралейбус. Праехаўшы некалькі прыпынкаў, разам з ёй з грамадскага транспарту выйшаў і зламыснік — усю дарогу ён сачыў за ахвярай. Мужчына распачаў другую спробу нападу, аднак і яна аказалася марнай — жанчына забегла ў гандлёвы цэнтр па вул. Пятра Глебкі. З гіпермаркета яна патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла пра здарэнне. 

Падчас правядзення комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было выяўлена, што незадоўга да серыі нападаў мужчына адпачываў у адной з забаўляльных устаноў Фрунзенскага раёна г. Мінска. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, ён пачаў здзяйсняць хуліганскія дзеянні, пасля чаго адправіўся дадому ў Гродзенскую вобласць.

Аператыўнікам спатрэбіліся суткі, каб вызначыць месцазнаходжанне і затрымаць зламысніка.

«У дачыненні да затрыманага распачатая крымінальная справа па ч.1 арт.339 ( «Хуліганства») крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Санкцыя названай часткі артыкула прадугледжвае адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў», — растлумачыў часовы выканаўца абавязкаў па пасадзе намесніка начальніка крымінальнай міліцыі Фрунзенскага РУУС г.Мінска Аляксей Машкін.

Вядома, што затрыманы мужчына раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0