Шчасьлівая лічба Слэвіна (Lucky Number Slevin)

ЗША, 2006, каляровы, 109 хв.

Жанр: Крымінальная драма

Адзнака: 7,5 (з 10)

Небараку Слэвіна прымаюць за зьніклага сябра, які вінен мафіі вялікія грошы. У якасьці аплаты пазыкаў Слэвіну прапануюць забіць сына аднаго з гангстэраў…

Крымінальная драма Пола Макгігана ўдала грае на супярэчнасьцях: кожны герой ня той, кім здаецца. Кіраўнік негрыцянскай мафіі (Морган Фрымэн) – ветлівы шахматыст, ягоны канкурэнт (Бэн Кінгсьлі) – гангстэр-рабін (!), а легкадумная суседка героя – мэдычны экспэрт і аматарка вышукаў.

У гэтай кампаніі Слэвін (Джош Хартнэт) – зусім не трагікамічны расьцяпа, як можна было меркаваць. Недарэчнасьці завершацца жорсткай расплатай – і толькі Брус Уіліс (прафэсійны кілер "Добры сабака") прадэманструе намёкі на прабачэньне.

Пол Макгіган вядомы глючным "Кіслотным домам", але ў гэтай карціне рэжысэр псыхадэлічнымі вымудрыкамі не злоўжывае. Уся ўвага – трапным пэрсанажам-маскам і ўдалым сюжэтным падстаноўкам.

Макгігана папракалі, што ён не такі мізантроп – як Тарантына, і не такі гуманіст – як Хічкок. Але забаўляльнае кіно ён робіць з годнасьцю.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0