У дэпутаты ідуць усяго 365 грамадзянаў, гэта ў два разы меней, чым чатыры гады таму. У Ваўкавыску, Івацэвічах ды Пінскай і Маладачанскай вясковай акругах выбары пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Зьняліся кандыдаты ад АДС у Лепельскай, Наваполацкай і Віцебскай Чыгуначнай акругах.

18 жніўня скончылася падача дакумэнтаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў. Праверка працягнецца да 28 жніўня. Пасьля чаго і стануць вядомыя вынікі рэгістрацыі. Варта адзначыць, што большасьць дэмакратычных кандыдатаў годна справіліся з этапам збору подпісаў. З дыстанцыі сышло ўсяго некалькі чалавек.

Не далічылася двух сваіх вылучэнцаў АГП. Кандыдата Наваградзкай выбарчай акрузе Юр’я Істоміна, зь ягоных словаў, у панядзелак па абедзе затрымалі разам з некалькімі сябрамі ініцыятыўнай групы. У пастарунку іх пратрымалі больш за тры гадзіны. Такім чынам міліцыянты не толькі перашкодзілі збору подпісаў, але і пазбавілі Юр’я Істоміна магчымасьці іх зацьвердзіць.

Другі выпадак зафіксаваны ў Маладэчанскай вясковай акрузе. «Нашаму кандыдату Ўладзімеру Зьверніку разьбілі машыну. Ён вырашыў, што наступным разам могуць разьбіць галаву, таму сышоў з дыстанцыі», — кажа старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Лябедзька зазначае, што АДС ставіла перад уладамі ўмовы для ўдзелу ў выбарах. «Гэта ўключэньне нашых людзей у выбарчыя камісіі, рэгістрацыя прадстаўнікоў апазыцыі, спыненьне рэпрэсій. Як бачым, першая ўмова ўжо ня выкананая. Паглядзім як будзе падчас рэгістрацыі. Што да спыненьня рэпрэсіяў, то я б сказаў, што шклянка напалову пустая. Уціск на сяброў ініцыятыўных групаў нашых кандыдатаў ёсьць, хай і не такі вялікі як падчас мінулых кампаній», — працягвае А.Лябедзька.

Два чалавекі сышлі ў сацыял-дэмакратаў. Навапалачанін Ігар Валяеў быў вымушаны зьняцца праз уціск на працы, ён працуе апаратчыкам цэху на «Паліміры». Праз стан здароўя адмовіўся ад удзелу ў выбарах Анатоль Шапавалаў, што меўся балятавацца па Віцебскай Чыгуначнай акрузе.

Ёсьць адна страта і ў незарэгістраванага БХД. У Аляксея Александровіча зь Лепелю атрымалася сытуацыя як у Істоміна. Актывіст быў затрыманы міліцыяй падчас сустрэчы зь сябрамі сваёй ініцыятыўнай групы. Падаць дакумэнты ў раённы выбаркам не атрымалася.

ПКБ і Партыя БНФ стратаў на дадзеным этапе ня маюць. Зрэшты, фронтаўцы таксама сутыкнуліся зь невялікай праблемай. Па словах юрыста партыі Ўладзімера Лабковіча, у аўторак Мін’юст запатрабаваў цягам адных сутак падаць усе неабходныя дакумэнты аб працы зьезду. У адваротным выпадку можа быць скасаваная рэгістрацыя Валера Пуціцкага (Рэчыца), Мікалая Лешчуна (Лагойск), Сяргея Антусевіча (Гарадзенская-Цэнтральная акруга), Уладзімера Казекі (Днепра-Бугская).

Лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч кажа, што ад яго партыі дакумэнты на рэгістрацыю падалі толькі пяць чалавек, хаця разьлічвалі на куды большую лічбу. «Гэта паказала, што нашы партыйцы многа абяцаюць, але мала робяць», — зазначыў С.Шушкевіч.

У прыватнасьці, з выбарчай гонкі сышоў былы палітвязень, сябра БСДГ Сяргей Скрабец, які хацеў балятавацца ў Лідзе. Па словах Скрабца, гэтае рашэньне было прынятае пасьля таго, як на сяброў ягонай каманды пачаў аказвацца немалы ціск.

Па штандарамі «Эўрапейскай кааліцыі» барацьбу працягваюць 51 чалавек. «Спачатку мы плянавалі вылучыць 75 чалавек, на рэгістрацыю ініцыятыўных груп прыйшло 65 кандыдатаў, цяпер засталося крыху болей за паўсотні. На кожным этапе выбарчай кампаніі губляем каля 20% сваіх людзей», — зазначае лідэр «эўрапейцаў» Мікола Статкевіч.

Былы палітвязень прызнаецца, што некаторыя сябры кааліцыі проста не змаглі сабраць патрэбнай колькасьці галасоў. Леанід Скарабагаты ў Менску ня змог зарэгістравацца праз разгільдзяйства аднаго зь сяброў ініцыятыўнай групы, які спачатку забыўся дома пашпарт, а пасьля спазьніўся ў выбаркам на 15 хвілін. Зьмітра Шымайтэса з Баранавіцкай вясковай акругі зьняцца папрасілі партнёры па бізнэсе, каб у іх не было лішніх праблем. Няма пэўнасьці і з самім Статкевічам, зарэгістраваць якога ці то можна ці няможна празь нязьнятую палітычную судзімасьць. У выпадку нерэгістрацыі Статкевіч абяцае зьвярнуцца ў Вярхоўны суд.

Агулам Эўрапейская кааліцыя сабрала, са словаў Статкевіча, 107 тысяч подпісаў.

Невялікую троххадоўку правялі дэмакраты ў Менску. Толькі ў апошні дзень вызначыўся з сваім канчатковым фарматам удзелу ў парлямэнцкіх выбарах старшыня АГП Анатоль Лябедзька. У панядзелак ён здаў «тысячы подпісаў» у выбаркам сталічнай Старавіленскай акругі. Нагадаем, што палітык зарэгістраваў дзьве ініцыятыўныя групы па збору подпісаў. Другая працавала ў Сухараве. Замест Лябедзькі ў Сухараве будзе балятавацца дачка былога палітвязьня Аляксандра Казуліна Вольга, ейную ж Адзінцоўскую акругу зойме Віталь Рымашэўскі, за якім першапачаткова была Старавіленская акруга.

Аляксандар Мілінкевіч падчас паездак па рэгіёнах як сябар ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў ў дэпутаты наведаў 24 гарады і ўзяў удзел у зборы подпісаў за 32 кандыдатаў.

«Подпісы зьбіраліся зараз значна лягчэй, чым падчас іншых кампаній», — адзначыў экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта. Наступны раўнд паездак Мілінкевіча па рэгіёнах заплянаваны на пачатак верасьня, калі пачнецца агітацыйная кампанія.

Увогуле ж дэпутатамі хочуць стаць 365 грамадзянаў, гэта амаль у два разы меней, чым чатыры гады таму.

У выбаркамах Берасьцейшчыны ляжаць дакумэнты ад 47 заяўнікаў (на 16 акругаў), Віцебшчыны — ад 37 (на 14 акругаў), Гомельшчыны — ад 51 (на 17), Гарадзеншчыны — ад 34 (на 13), Магілёўшчыны — ад 51 (на 13), Меншчыны — ад 42 (на 17). У Менску 103 кандыдаты прэтэндуюць на 20 акругаў.

У Ваўкавыску, Івацэвічах, Маладэчанскай і Пінскай вясковых і яшчэ ў дзьвюх акругах ужо цяпер пэўна, што выбары пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. У АДС прагназуюць, што цягам кампаніі колькасьць такіх акруг можа павялічыцца. Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына прызнала, што «актыўнасьць партый упала практычна ў тры разы». Напрыклад, партыя Гайдукевіча заўжды актыўнічала, «фактычна стварала асноўную масоўку», а цяпер нават яна вылучыла толькі 7 кандыдатаў.

Варта нагадаць, што на выбарах 2004 году ў камісіі ўваходзіла ўсяго 0,2% незалежных сяброў. Сёлета гэтая лічба ўвогуле складае 0,07%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?