З 2008/2009 навучальнага года ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (БНТУ) для студэнтаў трэцяга курса спецыяльнасці «Архітэктура» ўводзіцца спецыялізацыя «Рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры». Пра гэта гаворыцца ў адказе Міністэрства адукацыі на адозву ад 1 ліпеня старшыні грамадскага аб'яднання Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) гісторыка архітэктуры Алега Трусава да намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч.

Разгледзеўшы адозву А. Трусава, якая паступіла з Адміністрацыі прэзідэнта, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук паведаміў, што першы выпуск архітэктараў-рэстаўратараў у БНТУ у колькасці 15 чалавек адбудзецца ў 2010 годзе.

Ён зазначае, што ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце з 1991 года на спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» вядзецца падрыхтоўка кадраў па спецыялізацыі «Рэканструкцыя і рэстаўрацыя будынкаў і пабудоваў». Разгляд пытання аб пашырэнні падрыхтоўкі архітэктараў-рэстаўратараў у ВНУ Мінадукацыі першы намеснік міністра звязвае з «наяўнасцю абгрунтаваных прапаноў і дастатковай колькасці заявак на спецыялістаў ад зацікаўленых у гэтым арганізацый і органаў дзяржаўнага кіравання».

У інтэрв'ю БелаПАН А. Трусаў, які мае шматгадовы вопыт працы ў сістэме беларускай рэстаўрацыі і распрацаваў праграму для ВНУ «Асновы кансервацыі і рэстаўрацыі», зазначыў, што нізкая якасць рэстаўрацыйных работ выклікана адсутнасцю прафесійных кадраў. Вось чаму, паводле яго слоў, ён звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта з прапановай падрыхтаваць праект адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы. Старшыня ТБМ выказаў падзяку Н. Пяткевіч за аператыўнае вырашэнне пытання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?