Піша Віталь Тарас.

Тыдзень таму радыё «АНТ» перадала інфармацыю пра тое, што, дзякуючы МНС Расеі, у Цхінвалі аднаўляецца нармальнае жыцьцё. Горад забясьпечаны электрычнасьцю, а многія яго жыхары ўжо нават глядзяць тэлевізію. І гэта ў горадзе, на дзевяноста адсоткаў зьнішчаным грузінскімі ГРАД-амі, як заяўлялі раней расейскія СМІ. Дзе ж яго жыхары глядзяць цяпер свае тэлевізары — у сутарэньнях разубраных будынкаў ці ў зямлянках?

Наіўна думаць, што гэта вынік памылкі нейкага рэдактара (у Беларусі ці Расеі), які забыўся пра тое, што трансьлявалася ў эфір яшчэ ўчора. На вайне як на вайне: якая інфармацыя альбо дэзынфармацыя на гэты момант больш адпавядае мэтам прапаганды, тая і падаецца ў эфір.

«Украіна прайграла вайну»

Расейскія СМІ ў цэлым дзейнічаюць эфэктыўна. Паводле аналітычнай групы ўкраінскай кампаніі Pro.mova, «Украіна прайграла інфармацыйную вайну Расеі ў асьвятленьні канфлікту ў Грузіі». Пра гэта сьведчаць, у прыватнасьці, вынікі дасьледаваньня водгукаў на найбольш папулярных інітэрнэт-мэдыях Украіны, праведзенага 11—12 жніўня. Некаторыя зь іх апублікаваныя на сайце korrespondent.net. Больш за палову ўсіх крыніцаў, зь якіх чэрпалі інфармацыю ўкраінскія карыстальнікі, былі расейскімі. Напрыклад, на інітэрнэт-рэсурсах korrespondent.net і podrobnosti.ua расейскімі адпаведна былі 76 і 55%. Заходнія крыніцы склалі меней за 2%. Unian.net (афіцыйнае інфармагенцтва Ўкраіны) выкарыстоўвала расейскія крыніцы ў 45% паведамленьняў на тэму вайны ў Грузіі.

Экспэрты адзначылі, што ў паведамленьнях украінскіх інтэрнэт-выданьняў і на тэлебачаньні не хапае нерасейскіх крыніцаў. Адзінай сур’ёзнай альтэрнатывай яны лічаць магутныя міжнародныя агенцыі — Reuters, АР альбо AFP.

І гэта ва Ўкраіне, дзе зь лішкам украінамоўных газэтаў, тэле- і радыёканалаў, інтэрнэт-сайтаў. Што ж тады казаць пра Беларусь, якая ўсе 17 гадоў сваёй незалежнасьці застаецца неад’емнай часткай расейскай інфармацыйнай прасторы?

Адзін Зімоўскі

Між іншага, ва ўкраінцаў ёсьць жаданьне ведаць, што адбываецца насамрэч, жаданьне зразумець, якія наступствы будзе мець вайна ў Грузіі для Ўкраіны, што адпавядае ў гэтай сытуацыі нацыянальным інтарэсам. Аўтар гэтых радкоў адчуў сапраўдную зайздрасьць да ўкраінцаў, калі тыдзень таму ў Кіеве сабралася навуковая (!) канфэрэнцыя, прысьвечаная сытуацыі на Каўказе і магчымым дзеяньням украінскіх уладаў, пэрспэктыве сяброўства краіны ў НАТА і г.д. Адкрыцьцё канфэрэнцыі трансьлявалася жыўцом.

Гэта нармальныя дзеяньні нацыянальнай эліты ва ўмовах пагрозы сувэрэнітэту. Магчыма, у Беларусі, недзе на ўзроўні прэзыдэнцкае Адміністрацыі, праходзілі апошнімі днямі сакрэтныя нарады на тую ж тэму. Але ж грамадзкасьці нічога пра гэта невядома — беларуская нацыя па-ранейшаму выключаная з працэсу прыняцьця рашэньняў, ад якіх залежыць яе лёс. Як і лёс нацыяльнай бюракратыі, дарэчы.

З усіх яе прадстаўнікоў

адзін Аляксандар Зімоўскі заступіўся, так бы мовіць, за гонар дзяржавы, калі расейскі пасол у зьняважлівай форме запатрабаваў у афіцыйнага Менску поўнай і безумоўнай падтрымкі «міратворчай апэрацыі» ў Паўднёвай Асеціі.

Але ж кіраўнік дзяржтэлерадыё ці то забег наперад бацькі, ці то спазьніўся — ужо наступным днём прадстаўнік МЗС запэўніваў, што РБ ва ўсім падтрымлівае РФ і лічыць яе дзеяньні на Каўказе «правамернымі».

Відаць, пачынаць карэкцыю замежнай палітыкі трэба было яшчэ 13 гадоў таму, калі на рэфэрэндуме ў Беларусі саюз з Расеяй, ліквідацыя нацыянальнай сымболікі й наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай прымаліся «адным пакетам».

У першыя ж дні пасьля ўвядзеньня дадатковых міратворчых сілаў у Цхінвалі ўсе расейскія СМІ як па камандзе пачалі называць гэты горад Цхінвалам, а Сухумі — Сухумам. Паводле лёгікі, трэба было пайсьці яшчэ далей і назваць Тбілісі Тыфлісам, як у царскай Расеі.

Між іншага, незадоўга да пачатку вайны ў Грузіі, «Наша Ніва» зьмясьціла вынікі аднаго сацдасьледаваньня Інстытуту Гэлапа, паводле якіх расейскую мову ў краінах Садружнасьці незалежных дзяржаваў (цяпер ужо, відаць, былой садружнасьці) найгорш разумеюць і найменей карыстаюцца ёю ў Азэрбайджане і Грузіі — усяго некалькі адсоткаў дарослага насельніцтва. (Цікава, што паводле аналягічнага дасьледаваньня ўпэўнена карыстаюцца расейскай мовай і пішуць на ёй без памылак у тых самых дзяржавах таксама ўсяго некалькі працэнтаў.)

Адсутнасьць кваліфікацыі ці сьвядомы выбар?

Што тычыцца моўнай сытуацыі ў Беларусі, дык гэта вынік ня столькі вялікадзяржаўнага расейскага шавінізму, колькі ўласнай культурнай палітыкі.

Вось апошні прыклад. Кожная нацыянальная тэлекампанія купляе эксклюзіўнае права на паказ Алімпійскіх гульняў у сваёй краіне.

Трансьляцыя гульняў у Пэкіне на «Першым канале» або на канале «Лад», прызначаная выключна для жыхароў Беларусі, яе нельга паказваць па-за межамі дзяржавы. Дык чаму было не арганізаваць паказ хоць бы часткі рэпартажаў на дзяржаўнай беларускай мове? Няўжо нехта зь беларусаў ня стаў бы глядзець спаборніцтвы з удзелам беларускіх спартоўцаў праз камэнтары па-беларуску ці не зразумеў бы іх?
Абсурд!

Можа, справа ў адсутнасьці патрэбнай кваліфікацыі ў камэнтатараў? (Варта зазначыць, многія зь іх і па-расейску часта ня могуць пісьменна сфармуляваць думку.)

Ці ўсё-такі гэта сьвядомы выбар улады?

Тады ня трэба зьдзіўляцца, што Беларусь будзе заставацца пад уплывам татальнай крамлёўскай прапаганды, а кіраўнікі сувэрэннай краіны вымушаныя апраўдвацца перад «старэйшымі дзядзькамі» з Масквы, што час ад часу шчоўкаюць іх па носе, як пасол Сурыкаў.

Зразумела, «водападзел» у грамадзтве не абавязкова праходзіць паміж тымі, хто ведае родную мову і тымі, хто яе ня ведае. Напрыклад, сярод наведнікаў згаданага вышэй украніскага сайту korrespondent.net шмат хто з прыхільнікаў украінскай дзяржаўнасьці ды эўрапейскай дэмакратыі піша свае камэнтары па-расейску. Але яшчэ не даводзілася бачыць на сайце ніводнага варожага да Ўкраіны водгуку на ўкраінскай мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?