Старшыня Рады прадпрымальнікаў Смаленскага рынку Віцебску Сяргей Парсюкевіч быў асуджаны 23 красавіка судом Маскоўскага раёну Менску на 2,5 года зьняволеньня. Апроч таго, ён мусіць выплаціць міліцыянту Аляксандру Дулубу 1 мільён рублёў кампэнсацыі: паводле сьледзтва, у турме на Акрэсьціна Парсюкевіч нібыта зьбіў ахоўніка. На Акрэсьціна Парсюкевіч адбываў суткі за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Сваёй віны Парсюкевіч не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. 20 жніўня Парсюкевіч выйшаў на волю.

«Наша Ніва»: На якой падставе было вызваленьне?

Сяргей Парсюкевіч: Усё было элемэнтарна. У Казуліна была, як я разумею, тая ж сытуацыя. Мяне выклікаў начальнік калёніі, я пастаяў крыху ў калідоры. У галаве была рэальная думка, што зараз пайду зьбіраць рэчы. Зайшоў, мне і сказалі гэта зрабіць. Папярэдзілі, каб вызваленьне прайшло ціхамірна і бунт на зоне не паднялі за гэты час. Хвілін праз 20 папрасілі на выхад. У вуснай форме мне сказалі, што вызваленьне адбываецца па ўказе Лукашэнкі. Мне яго паказалі. Па шчырасьці, гэты ўказ мяне мала хвалюе. Хай ён піша любыя ўказы. Я не вінаваты. І буду дабівацца ня толькі сваёй рэабілітацыі, але і таго, каб вінаватыя селі ў тое месца, дзе яны мусяць быць, то бок у турме. Ня ўдасца зараз, удасца празь некалькі гадоў.

Дулуб у гэтай справе толькі дробная сошка. Якому ці то пашанцавала, ці то не пашанцавала апынуцца ў гэтай сытуацыі. Пра тое, што я, як гаворыцца, на зону «заеду», ведаў яшчэ год ці паўтара таму. Мяне пра гэта папярэджвалі. Было цяжкавата, але збольшага гэта напускное. Быў пэўны ціск, палохалі адным, другім, трэцім. Чым толькі ні палохалі. Я разумею, для чаго гэта рабілася, бо сам былы супрацоўнік міліцыі. Ня ведаю, чаго яны хацелі дабіцца ад мяне такім спосабам. Напэўна, хацелі, каб я прызнаўся ў тым, што не рабіў.

«НН»: Як Вас сустрэлі ў Менску ў калёніі былыя калегі?

СП: Былых супрацоўнікаў міліцыі там амаль няма. Я сустрэў толькі пару чалавек. У асноўным мытнікі, прадпрымальнікі, чыноўнікі. Увогуле, да мяне ставіліся вельмі добра. Увесь час дапамагалі. Можна сказаць, што быў «аўтарытэтам» (сьмяецца). У асяродзьдзі асуджаных апазыцыі, напэўна, каля ста працэнтаў. Можа нехта і ёсьць за Лукашэнку, але я сустракаў толькі аднойчы такога чалавека.

«НН»: Што было найбольш цяжкім падчас зьняволеньня?

СП: Абразы асабістай годнасьці. Як кайданкі за рукамі шчоўкнулі, так яны і пачаліся. Гэта ня толькі ў дачыненьні да мяне, да ўсіх. Да людзей ставяцца як да ската. Хаця нават скот больш‑менш нармальна даглядаюць і кормяць. У абавязкі адміністрацыі, хай і не галоўныя, як я разумею, уваходзіць абразіць чалавека, зламаць духоўна. Каб людзі ператварыліся ў скот, але людзі з гэтым змагаюцца.

«НН»: Жонка кажа, што асабліва цяжка Вам было падчас перасылак?

СП: Гэта вельмі цяжкі працэс, як маральна, так і фізычна. Сумкі ўсе, «упал‑отжался», ляжаць і г.д. Я да сваёй сабакі стаўлюся з большай павагай. Не паспаць нармальна, ні паесьці, ні ў прыбіральню схадзіць.

«НН»: Ці Ваш прысуд быў засьцярогай для іншых удзельнікаў масавых мерапрыемстваў?

СП: Хутчэй за ўсё, што так. Прынамсі, гэта адзін з пунктаў. Мяне даўно папярэджвалі, што турма па мне плача. Апошнім часам імкнуўся нават дарогу толькі на зялёнае сьвятло пераходзіць, а каб ня лаяцца, насіў з сабой плястыр. Але не зьберажэсься. Сваё вызваленьне зьвязваю зь ціскам Захаду і ЗША, за што ім вялікі дзякуй. Увогуле, калі я яшчэ не прыехаў у калёнію, то людзі ўжо ведалі пра мяне. Усе ведалі хто я, за што сядзеў. Не пасьпеў я ў Шклове прыйсьці ў атрад, як пачалася стыхійная прэс‑канфэрэнцыя (сьмяецца).

«НН»: Сяргей, чаму перад арыштам Вы не скарысталіся магчымасьцю эміграцыі, хаця Вас і падштурхоўвалі да яе?

СП: Я не хачу зьяжджаць. Кідаць Радзіму, дзе мая сям’я, сябры, магілы продкаў. Праз тое, што тут творыцца, зьяжджаць павінен не я, а той, хто гэта робіць.

«НН»: Сачыць за грамадзкім жыцьцём атрымлівалася?

СП: Адназначна. Прарываліся і «Народная воля», і «Наша Ніва», і «Новы час», нават рэгіянальная прэса. Таксама «Белгазета» і «Белорусы и рынок». А таксама празь іншыя нефармальныя крыніцы. У прынцыпе, я асабліва там не засядзеўся.

«НН»: Як у красавіку ўспрынялі прысуд?

СП: Гэта быў шок у нейкай ступені. Я ведаў, што злачынства не было. Прысуд — рэальнае бясчынства. Усім было бачна, што я не вінаваты і тут. Раз! Два і з паловай гады турмы. Яшчэ мог бы зразумець, каб далі ўмоўна, ці нейкае абмежаваньне волі.

«НН»: Сяргей, якія Вашы пляны?

СП: Ня так даўно я быў індывідуальным прадпрымальнікам. Цяпер у мяне такой магчымасьці няма, бо пазбаўлены і ліцэнзіі, і месца на рынку. Спадзяюся, што ў мяне цяпер будзе час заняцца палітыкай. Я лічу, што час у калёніі я правёў не дарма. Я доўга думаў, што нам трэба зрабіць. Ня ведаю, ці ўдасца, бо залежыць ня толькі ад мяне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?