Англійскі пісьменнік і сцэнарыст Майкл Бонд, аўтар серыі кніг пра медзведзяня Падынгтана, памёр ва ўзросце 91 года, паведамляе ВВС.

PA

PA

Як паведамляе яго выдавец Harper Collins, пісьменнік памёр у сваім доме ў Лондане пасля непрацяглай хваробы.

Пісаць апавяданні Майкл Бонд пачаў у 1945 годзе, першае з іх было апублікаванае ў часопісе London Opinion. Першую сваю кнігу пісьменнік выдаў у 1958 годзе, гэта і быў аповед пра медзведзяня Падынгтана. Тады Бонд працаваў тэлеаператарам на ВВС.

З тых часоў Бонд напісаў яшчэ 19 кніг пра Падынгтана.

У 1997 годзе ён атрымаў Ордэн Брытанскай імперыі за ўклад у дзіцячую літаратуру.

Першая кніга пра медзведзяня Падынгтана была перакладзеная больш чым на 30 моў свету. Яе герой — медзведзяня, які прыплыў з Дрымучага Перу ў Англію. Яго гісторыя пачынаецца на Падынгтанскім вакзале ў Лондане, недалёка ад якога доўгі час жыў сам Бонд.

Медзведзяня стаіць і чакае, пакуль хто-небудзь зверне на яго ўвагу. Яго заўважаюць містэр і місіс Браўн, якія вырашаюць забраць яго дадому.

У радыёінтэрв'ю ВВС у снежні 2014 года Майкл Бонд распавёў, што ён вырашыў напісаць аповед пра Падынгтана «проста для ўласнага задавальнення». Вяртаючыся дадому напярэдадні Раства 1956 года, ён заўважыў у крамнай вітрыне самотнае плюшавае медзведзяня і купіў яго для сваёй жонкі. Потым, седзячы перад пішучай машынкай, ён глядзеў на медзведзяня і стаў прыдумляць яго гісторыю. Так з'явілася «Медзведзяня па імі Падынгтан».

Апошні аповед з гэтай серыі, «Зорная гадзіна Падынгтана», быў апублікаваны ў красавіку гэтага года. Гэта калекцыя лістоў, адпраўленых медзведзянём сваёй цётцы Люсі ў Перу.

Кніжкі пра Падынгтана разышліся па свеце агульным накладам больш за 35 млн асобнікаў.

У 1975 годзе быў зняты мультыплікацыйны серыял пра медзведзяня Падынгтана.

У 2014 годзе рэжысёра Пол Кінг зняў фільм «Прыгоды Падынгтана», касавыя зборы якога перавысілі 288 млн даляраў.

У лістападзе 2017 года павінен выйсці працяг гэтага фільма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?