Арыштаваныя па справе патрыётаў працягваюць выходзіць на волю.

У прыватнасці, вызваленыя Уладзімір Румянцаў, Цімур Пашкевіч, Алесь Яўдаха, Віктар Данілаў.

Усе вызваленыя кажуць, што ўмовы ўтрымання былі нармальнымі, перадае карэспандэнт «НН», які сустракае патрыётаў каля следчага ізалятара. Усе яны ўпэўненыя ў сабе і поўныя аптымізму.

Віктар Данілаў, якога малявалі адным з важакоў групоўкі.

Цімур Пашкевіч: першыя тэлефанаванні блізкім.

Уладзімір Румянцаў.

«Вербаваць мяне не спрабавалі. Нават праз сукамернікаў нічога падобнага не адбывалася, — кажа карэспандэнту «НН» Уладзімір Румянцаў.

— Вядома, адчуваў абсурднасць свайго зняволення. У абавязках мяне як вайскоўца, удасканальваць сваю вывучку і баявое майстэрства, а, груба кажучы, мяне ледзь не пасадзілі за гэта.

У СІЗА ні з кім не перасякаўся. Уся сутнасць ізалятара заключаецца ў тым, каб ніхто ні з кім не бачыўся. У камеры трэніраваўся, падтрымліваў форму: адціскаўся, прэс качаў. На прагулку вадзілі раз у дзень на гадзіну.

Пра справу пакуль нічога казаць не магу. Са мной сядзелі розныя людзі: за махлярства, аліменты».

Кнігар Алесь Яўдаха.

«Утрыманне было больш-менш, — кажа Алесь Яўдаха. — На Валадарскага ўмовы ўтрымання былі лепшымі. Лепшае стаўленне, больш месца. Калі не лічыць катаваннямі форму затрымання, то ніякіх катаванняў не было.

Людзям, што былі са мной, было лепш бачна, як мяне затрымлівалі. Я атрымаў у пысу — і быў закінуты ў бусік. Што тычыцца здароўя, то я выдатна сябе адчуваю, удавалася падтрымліваць форму.

Я тэлек не гляджу, на заявы аднаго дзеяча ўвагі не звяртаю, таму я ўвогуле не быў у курсе сітуацыі пра нейкіх баевікоў. У мяне нават не паспела праслізгнуць ніводная думка, мне адразу ўсё расказалі хлопцы, што затрымлівалі: «Табе што, кепска жыць у гэтай краіне?»

Учора ў калідорах бачыў некага з хлопцаў, я так разумею, што нас перавялі ў рэжым «лайт». Раней у калідорах з «падзельнікамі» не перасякаліся. У мяне было адзін ці два допыты. Я спачатку даў паказанні па «беспарадках», потым мне прыходзілі абвесціць другое абвінавачанне, я адмовіўся даваць паказанні. 2,5 месяцы я сядзеў без усяго, а калі справу перадалі ў Следчы камітэт, то я мінімальна пагутарыў з новай следчай.

Газеты, лісты атрымліваў. Узровень цэнзуры мне невядомы. На жаль, газеты, на якія мяне падпісалі, ігнаравалі чэмпіянат Беларусі па футболе, таму не ведаў, як там ідзе мінскае «Дынама».

Атрымліваецца, што такі трохмесячны адпачынак на працы. Будзем глядзець, у якім там стане што цяпер».

Сябры і сваякі іншых зняволеных таксама чакаюць вызвалення сваіх блізкіх.

Паводле папярэдняй інфармацыі, сёння мусяць выйсці пяць чалавек.

Нагадаем, учора былі вызваленыя Уладзімір Фёдараў, Аляксандр Зімніцкі, Сяргей Стрыбульскі.

Уладзімір Фёдараў, фота Сяргея Гудзіліна

«На волі крута, — кажа Уладзімір Фёдараў. — Я ўчора рыхтаваўся да дзяжурства, выносіць вядро. І тут мяне выклікаюць: няўжо допыт, няўжо адвакат у такі позні час?

Я нічога не думаю пра абвінавачанне. Я пад падпіскай, нічога думаць не хачу і каментаваць не буду. Гэтыя пытанні высветляцца на судзе.

Стаўленне нармальнае, ніякага злоўжывання да сябе не заўважаў. У нейкіх момантах было нават зычлівым. Допытаў было не адзін-два, а болей.

Здароўе выдатнае. У «амерыканцы» нас адводзілі на 1,5 гадзіны на шпацыр. Гэта болей, чым сабе мог дазволіць да арышту, калі 10—11 гадзін праводзіў за офіснай працай. Што будзе з працай, пакуль не ведаю, але павінна ўсё быць нармальна».

***

Вызваленыя застаюцца пад падпіскай пра нявыезд і ў статусе падазраваных.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?