У 2017 годзе сябры НАТА выдаткуюць на абарону на 4,3% больш, чым годам раней. Больш грошай сталі выдаткоўваць Канада і краіны Еўропы, іх выдаткі вырастуць на 12 мільярдаў даляраў. Пра гэта абвясціў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг у Бруселі на сустрэчы міністраў абароны краін альянсу, паведамляе DW.

Грошы пойдуць на новае ўзбраенне, правядзенне вучэнняў, на зарплаты і пенсіі ваеннх. Таксама больш сродкаў будзе выдаткавана на аперацыі НАТА ў Афганістане і Косава. «Каб падтрымліваць бяспеку нашых краін, мы павінны працягваць працу па павелічэнні выдаткаў на абарону і больш справядлівым размеркаванні нагрузкі сярод сяброў альянсу», — заявіў Столтэнберг.

Генеральны сакратар арганізацыі дадаў, што чатыры батальёны НАТА ва Усходняй Еўропе выйшлі ў чэрвені на ўзровень поўнай аператыўнай гатоўнасці. У кожны з гэтых батальёнаў уваходзіць каля тысячы чалавек.

Тэма росту выдаткаў на абарону выклікае рэгулярныя спрэчкі ў членаў НАТА. Так, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп патрабуе, каб выдаткі кожнай краіны альянсу складалі да 2024 годзе не менш як 2% ад ВУП, як прапісана ў статуце. Пакуль гэтую ўмову выконваюць толькі шэсць краін: ЗША, Грэцыя, Эстонія, Вялікабрытанія, Польшча і Румынія. Германія аспрэчвае метадалогію падліку гэтых двух працэнтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?