Камітэт Сената ЗША па ўзброеных сілах, які ўзначальвае сенатар Джон Маккейн, прапануе пачаць распрацоўку ракеты сярэдняй далёкасці, вылучыць сродкі на падтрымку саюзнікаў у Еўропе, а таксама даць смяротную абарончую дапамогу Украіне, паведамляе «ЕўраПраўда» са спасылкай на The Voice of America.

Камітэт Сената па ўзброеных сілаз, які ўзначальвае рэспубліканец ад штата Арызона Джон Макейн, заклікаў да прыняцця новых мер па супрацьдзеянні варожым дзеянням Расіі за мяжой.

Сярод гэтых мер, прынятых 27 сенатарамі, — распрацоўка новай праграмы стварэння наступальнай ракетнай зброі наземнага базіравання, забарона на выкарыстанне Пентагонам праграмнага забеспячэння расійскай кампаніі і патрабаванне аб тым, каб Пентагон даў справаздачу перад заканадаўцамі аб расійскай гібрыднай вайне.

Падрыхтаваны камітэтам варыянт законапраекта аб асігнаваннях на нацыянальную абарону на 2018 год, ухвалены ў сераду ўвечары, таксама прадугледжвае выдзяленне Украіне дапамогі ў сферы бяспекі ў памеры 500 мільёнаў даляраў для барацьбы з прарасійскімі сепаратыстамі, уключаючы пастаўкі абарончай смяротнай зброі.

Ён таксама працягвае дзейную забарону на наўпростае супрацоўніцтва Пентагона з расійскімі вайскоўцамі, уведзеную пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе.

Акрамя таго, Камітэт ухваліў выдзяленне 4,6 млрд даляраў на Еўрапейскую ініцыятыву стрымлівання — праект Пентагона, нацэлены на ўмацаванне бяспекі на ўсходнім флангу Еўропы.

«Камітэт лічыць, што Злучаныя Штаты павінны прыняць дадатковыя меры для стрымлівання расійскай агрэсіі, будзь то за яе межамі або ў кіберпрасторы, — гаворыцца ў апісанні законапраекта. — Расія працягвае акупаваць Крым, дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне, пагражае нашым саюзнікам (па НАТА), парушае Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці (РСМД) і падтрымлівае рэжым Асада ў Сірыі».

Законапраект санкыянуе вылучэнне 65 млн даляраў у праграму даследаванняў і распрацоўкі ракеты сярэдняй далёкасці наземнага базавання, каб пачаць скарачаць разрыў, які ўзнік у выніку парушэнні Расіяй дамовы аб РСМД, але так, каб гэта не было парушэннем дамовы з боку ЗША.

Паведамляецца, што аналагічны Камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША прыняў свой варыянт законапраекта аб асігнаваннях на нацыянальную абарону на 2018 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?