У 12.00 пачалася сустрэча Дэвіда Мэркела зь лідэрамі апазыцыі. Зь беларускага боку ў ёй бяруць удзел Вінцук Вячорка, Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч.

21 жніўня адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Дэвідам Мэркелем, які тэрмінова прыбыў Менск сёньня раніцай. "У ходзе сустрэчы быў дэталёва разгледжаны ўвесь спектр беларуска-амерыканскіх адносін. Субяседнікі абмеркавалі таксама шляхі паляпшэння гэтых адносін", - праінфармавалі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

20 жніўня на волю з турмаў адначасова выйшлі менскі моладзевы актывіст Андрэй Кім і віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч. Упершыню за апошнія гады ў краіне не засталося ніводнага палітычнага зьняволенага.

Вызваленьне абодвух апазыцыянэраў адбылося праз памілаваньне кіраўніком дзяржавы. Нагадаем, што яшчэ некалькі тыдняў таму піяршчык Лукашэнкі Цім Бэл у інтэрвію «Financial Times» абяцаў, што палітвязьні выйдуць на волю перад парлямэнцкімі выбарамі.

Вызваленьне палітвязьняў дае падставы для першаснай нармалізацыі адносінаў з ЗША і ЭС.

І рэакцыя ЗША не прымусіла доўга чакаць. Яшчэ ўчора Дзярждэпартамэнт распаўсюдзіў прэс?рэліз аб сытуацыі ў Беларусі. «ЗША вітаюць вызваленьне 20 жніўня двух апошніх палітвязьняў, якое стала працягам вызваленьня Аляксандра Казуліна,» — гаворыцца ў заяве.

«Вызваленьне гэтых асобаў, якое, як мы спадзяемся, будзе спалучана з далейшымі пазытыўнымі крокамі, адкрывае рэальную магчымасьць для значнага паляпшэньня адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю. Вызваленьне гэтых грамадзянаў разам зь іншым дае нам надзею на будучыя пазытыўныя крокі, прапановы рэальных магчымасьцяў істотнага паляпшэньня у стасунках паміж ЗША і Беларусьсю», — гаворыцца ў заяве прэс?сакратара Дзяржэпартамэнту ЗША Робэрта Вуда.

Згодна з прэс-рэлізам, у сьвятле разьвіцьця падзеяў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркел неадкладна вылятае ў Менск «для сустрэчаў зь беларускімі афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?