Слухачамі школы беларусістыкі ў БДУ стануць 60 прадстаўнікоў 18 краін, паведамілі БелТА ў прэс-службе ВНУ.

Міжнародная летняя школа беларусістыкі пройдзе ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ (РІВШ) 4—15 ліпеня. Мерапрыемства прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Сярод замежных слухачоў — госці з Індыі, Украіны, Японіі, Венгрыі, Чэхіі, Германіі, Кітая, Расіі, Грузіі, ЗША, Інданэзіі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Славакіі, Сербіі і Швецыі.

Навучанне будзе праходзіць па трох праграмах А, В і С, якія разлічаны на розную моўную падрыхтоўку і веды ўдзельнікаў. Сёлета створаныя дзве групы для ахвотных вывучаць беларускую мову з нуля.

Усе праграмы ўключаюць па 40 гадзін лекцыйных і столькі ж практычных заняткаў па фанетыцы, граматыцы, развіццю вуснай і пісьмовай мовы, а таксама спецыяльныя лекцыйныя курсы па розных аспектах беларускай мовы, гісторыі і культуры.

Толькі для тых, хто навучаецца па праграме С, дадаткова прадугледжаныя індывідуальныя заняткі па ўдасканаленні беларускай мовы.

Культурная праграма для замежных гасцей таксама насычаная. Яна ўключае ў сябе наведванне музеяў Беларусі, экскурсію ў старажытны Полацк, удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці. Сюрпрызам для слухачоў стане іх удзел у Купаллі ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кафедра маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ і БДУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0