Футбалісты клуба «Дняпро» па дарозе на гульню са «Слуцкам» сталі сведкамі сур’ёзнага ДТЗ і дапамаглі пацярпелым. 1 ліпеня яны ехалі аўтобусам і на 47 кіламетры трасы Магілёў — Бабруйск літаральна на вачах у каманды аўтамабіль «Опель» зляцеў з дарогі, трапіў у кювет і сутыкнуўся з дрэвам.

У машыне было тры чалавекі — яны падарожнічалі з Санкт-Пецярбурга ў Бабруйск. Гульцы «Дняпра» дапамаглі людзям выбрацца з машыны, кіроўца клубнага аўтобуса Віктар Цецерукоў патушыў узгаранне, якое ўзнікла пад капотам легкавіка, а доктар каманды Васіль Трус аказаў пацярпелым першую дапамогу.

Каманда дачакалася прыезду хуткай, дапамагла перанесці туды пацярпелых і толькі потым працягнула сваю дарогу на матч у Слуцк, паведамляе прэс-служба ФК «Дняпро».

У выніку магілёўцы прыехалі на гульню меней чым за гадзіну да яе пачатку. На жаль, матч скончыўся для іх паразай 0:1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0