Запуск наймагутнай кітайскай ракеты-носьбіта «Вялікі паход-5» («Чанчжэн-5») прайшоў няўдала. Пра гэта паведамляе агенцтва «Сіньхуа».

Што стала прычынай правалу, пакуль невядома. Для расследавання інцыдэнту створана экспертная камісія.

«Вялікі паход-5» быў запушчаны з касмадрома Вэньчан у правінцыі Хайнань 2 ліпеня а 19.23 па мясцовым часе (13.23 па мінскім). Планавалася, што ракета-носьбіт выведзе на арбіту спадарожнік сувязі «Шыцзянь-18».

Гэта быў другі запуск «Вялікага паходу-5». Першы паспяхова адбыўся ў пачатку лістапада мінулага года. Тады ракета-носьбіт вывела на геастацыянарную арбіту эксперыментальны спадарожнік «Шыцзянь-17».

«Вялікі паход-5» — найбуйнейшая ў Кітаі ракета-носьбіт новага пакалення. Яе вышыня складае 56,97 метра, дыяметр асноўнай ступені - пяць метраў. Па словах навукоўцаў, падчас яе стварэння былі выкарыстаны звыш 200 новых тэхналогій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0