Пра гэта літаратуразнаўца паведаміў у Фэйсбуку.

«30 чэрвеня вучоная рада філалагічнага факультэта Ягелонскага універсітэта прысудзіла мне ступень доктара габілітаванага гуманітарных навук у спецыялізацыі «літаратуразнаўства». Дзякуй усім за падтрымку!

Светлая памяць маёй маме, Валянціне Іосіфаўне Фядута, і навуковаму кіраўніку маёй дыпломнай працы, Ігару Вячаслававічу Ягораву, якія не дажылі да гэтага дня.

Дзякуй маёй жонцы Марына Шыбко, без якой гэтая абарона была б немагчымая…» — напісаў ён.

Аляксандр Фядута патлумачыў НН, што ў Польшчы трохі адрозная ад беларускай сістэма атрымання доктарскага звання. Спецыяльную дысертацыю для яе пісаць не трэба: ступень доктара габілітаванага даецца па выніку ўсёй навуковай дзейнасці кандыдата на падставе апошняй яго манаграфіі. Апошняя манаграфія Аляксандра Фядуты была прысвечаная праблеме чытача ў літаратуры пушкінскай эпохі.

Аляксандр Фядута — літаратуразнаўца і палітолаг. Нарадзіўся ў Гродне. У 1994-м быў у складзе першай каманды Лукашэнкі, працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, адкуль звольніўся ў знак пратэсту пасля з'яўлення праяваў цэнзуры ў прэсе. Быў журналістам, аўтар палітычнай біяграфіі Лукашэнкі. У 2010-м працаваў у перадвыбарным штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Пасля брутальнага разгону Плошчы адбыў некалькі месяцаў у СІЗА КДБ, прызнаны вязнем сумлення. Яго літаратуразнаўчая зацікаўленасць — расійская літаратура ХІХ стагоддзя.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0