Выйшаў авіяцыйны слоўнік па-беларуску, аўтар — дзейны падпалкоўнік
У рэдакцыю «Нашай Нівы» трапіў асобнік кнігі «Авіяцыя па-беларуску. Слоўнік».
Гэта работа падпалкоўніка баявой авіяцыі Мікалая Кавалёва, які цягам амаль двух гадоў перакладаў лётныя тэрміны з рускай і англійскай моваў на беларускую.
«У маёй сферы няма кадыфікаванай прафесійнай лексікі, — патлумачыў «Нашай Ніве» аўтар. — Апошні слоўнік выйшаў у 1999 годзе. Агульнавайскавы — у 1997 годзе. Па авіяцыі такога не было. Падчас дзяжурстваў калегі казалі мне, што калі ты так хочаш беларускую мову, то зрабі інструкцыю па палётах. Так думка і нарадзілася. Нашая мова таксама мусіць прайсці шлях, які прайшлі іншыя. Таму казаць, што ў нас лексікі няма, — гэта няслушна. Проста ніхто не займаўся яе ўнармаваннем».
У прадмове да сваёй кнігі Кавалёў таксама выказаў спадзеў, што гэты слоўнік стане базай для глыбейшых даследаванняў па гэтай і іншых тэмах.
«Прачытанне кнігі-слоўніка дасць чытачу адказы на многія пытанні беларускай авіяцыйнай тэрміналогіі, пацвердзіць аргумент здольнасці роднай мовы абслугоўваць самыя складаныя сферы нашага грамадства і самае галоўнае — падштурхне быць стваральнікам-творцам новых пластоў беларушчыны ў будзь-якой сферы», — напісаў Кавалёў.
Сам слоўнік дае грунтоўныя тлумачэнні выбару таго ці іншага слова, якім падпалкоўнік прапануе замяніць аналагічны руска ці англамоўны тэрмін.
Мы не будзем прыводзіць вам 250 старонак прафесійнай лексікі, працытуем толькі некаторыя цікавыя развагі Кавалёва.
Так, тэрміну «аэродромное лётное поле» авіятар бачыць замену ў беларускім слове «лётнішча».
Выбар ён тлумачыць так: «Згодна з традыцыйным словаўтварэннем, у нашай мове мы павінны называць тое месца (па аналогіі з бульбішчам, грэчышчам), адкуль узлятаюцьсядаюць самалёты і адбываецца іншая авіяцыйная дзейнасць, лётнішчам», — піша аўтар і дадае, што слова аэрадром і аэрапорт варта пакінуць: калі ёсць інфраструктура — то гэта ўжо аэрадром, калі ёсць аэравакзал — гэта аэрапорт. Скажам, у дакументацыйнай фразе «памеры лётнага поля складалі 1000х150 м» карэктна будзе пісаць усё ж «памеры лётнішча».
«Бедствие» ён прапануе замяніць словам «ліха».
«Беларуская прымаўка кажа: «Сядзі ціха — не будзеш ведаць ліха», а пра досвед чалавека гаворыць фразеалагізм «зведаць фунт ліха». […] Для лётчыка ўключэнне тумблера «ліха» і перадача ў эфір — «на борце ліха» з'яўляецца першасным пунктам пры ўзнікненні асаблівых выпадкаў ў палёце. Адзначым, што англійскае SOS з'яўляецца не менш экспрэсіўным і азначае «Ратуйце нашыя душы». Такім чынам, адпаведнікам для «терплю бедствіе» будзе «на борце ліха». […]
«Боевому слаживанию» Кавалёў бачыць адпаведнік у «баявым шыхаванні», «боевому порядку» — у «баявым шыху».
А так ён піша пра «бреющий полёт»:
«Афіцыйны жарганізм паходзіць ад расійскага «брить деревья». Існуе як адмысловы (спецыяльны) тэрмін. Калі даць волю фантазіі, мы можам сказаць «скрэбсці дрэвы», які ў прыметнікавай форме прыме выгляд — скрэбены. Факты выкарыстання тэрміна маюцца ў беларускамоўных авіяцыйных дакументах: «да цэлі атакі ША ляціць «брыючым палётам» […]. На думку аўтара, «прыземны палёт» таксама можа выступаць як сінонім «скрэбенаму» палёту ў афіцыйнай літаратуры.
Прапануем таксама падборку цікавых варыянтаў перакладаў спецыяльнай лексікі:
Внешний осмотр — знадворны агляд.
Airway — паветраная траса (гасцінец).
Вышедший из строя — зведзены з ладу.
Горизонт — гарызонт, «естественный горизонт» — прыродны небасхіл, «искуственный горизонт» — штучны небасхіл.
«Господство в воздухе» — панаванне ў паветры.
«Range» — далёкасць, адлегласць, радыус (залежна ад кантэксту).
«Запирающий механизм» — замыкальны механізм.
«Звено» — звяно (як тактычная авіяцыйная адзінка), злучво (як тэхнічны тэрмін).
«Избыток тяги» — лішак цягі.
«Система тяг и качалок» — сістэма цяг і арэляў.
«Козырёк фонаря» — брылёк ліхтара (шкляна).
«Кромка крыла» — абза крыла.
«Крутящий момент и вращающийся винт» — круцільны момант і абаротны вінт.
«Пересечение границы» — перацінанне мяжы. Аўтар тут абгрунтоўвае, што ў лётным разуменні граніцу нельга перасекчы, бо яна не лінія, а плоскасць.
«Самолёт» — самалёт і лятак для «воздушного судна».
«Хлопок (аэродинамический)» — воплеск.
«Электрожгут» — электравітка.
«Обочина аэродромных покрытий» — бакавіна аэрадромнага покрыва.
І гэдак далей. Наклад слоўніка — 27 асобнікаў, якія аўтар хоча перадаць у Нацыянальную бібліятэку, навучальныя ўстановы ды іншым спецыялістам.
Каментары