Працягваецца суд на Канстанцінам Бурыкіным — былым святаром праваслаўнага прыхода ў Гатаве, што вядомы як «бацюшка са свастыкай».

«Наша Ніва» раней падрабязна пісала пра дзейнасць гэтага чалавека.

Чытайце таксама. Расследаванне: як «бацюшка са свастыкай» распараджаўся бюджэтнымі мільярдамі

На другім пасяджэнні 5 ліпеня суд дапытаў экс-прыёмнага сына Бурыкіна Аляксея, якога бацька выгнаў з хаты.

Менавіта Аляксей у свой час расказаў «Нашай Ніве» пра люстру ў форме свастыкі ў доме Бурыкіна, а таксама пра сямейныя карціны ў форме СС.

«Усё было нармальна, нічога асаблівага не заўважаў», — распавёў Аляксей сёння пра першыя гады сумеснага жыцця.

Разам з гэтым Аляксей узгадаў, як Бурыкін браў яго страляць з пісталета.

«Я быў яшчэ малы. Гэта зімой было, мы адпачывалі сям'ёй у лесе. Канстанцін прапанаваў нам пастраляць, пісталет дастаў з чахла ад ружжа (Бурыкін — паляўнічы). Ён трымаў мае рукі, каб не было аддачы. Гук мне падаўся вельмі моцным, я страляў з пнеўматычнай стрэльбы і ведаю, што пнеўматыка такі гук не дае. Потым страляў мой брат, потым Канстанцін — ён зрабіў некалькі стрэлаў па пляшках, іх адкідвала», — заявіў ён.

Ён дадаў таксама, што Бурыкін захапляўся нацысцкай ідэалогіяй — дома былі відэльцы са свастыкамі, некалькі фуражак з арлом Трэцяга Рэйху, люстра са свастыкай, каска.

Паводле Аляксея, стралялі яны менавіта з таго пісталета, які знайшлі ў Бурыкіна.

Потым выступілі эксперты па зброі, паводле іх заключэнняў, адзін са знойдзеных у Бурыкіна пісталетаў непрыдатны для стральбы, іншы — пры ўмове замены байка ўдарніка — прыдатны. Замена, як сказаў эксперт, робіцца «за пару хвілін на каленцы», а «інструкцый поўна ў інтэрнэце». Эксперт не ўдакладняў, ці быў баёк-ударнік зламаны адмыслова або прыйшоў у няспраўнасць цягам часу.

Таксама некалькі патронаў з дзесяці, што фігуруюць у справе, эксперты прызналі прыдатнымі для стральбы.

Малалетні сын Бурыкіна і аператыўнікі ГУБАЗіК выступяць у судзе ў закрытым рэжыме — такімі былі хадатайніцтвы адваката і пракурора.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0