Статыстыка аб стане ўнутранага валютнага рынку ў чэрвені паказала гіганцкія абароты, якія не прайшлі праз таргі на валютна-фондавай біржы. Па-за біржай банкі і іншыя юрыдычныя асобы пракруцілі «фарш» з $1199 млн. Продажы валюты праз біржу склалі за месяц $471,6 млн, з якіх $460,8 млн прыйшлося на абавязковую рэалізацыю выручкі.

Увогуле, асноўны аб'ём замежных грашзнакаў круціўся за межамі, адкрытымі назіральнікам. У перыяд з 2014 па 2017 крыху большыя абароты ў баку ад біржы адзначаліся толькі адзін раз — у снежні 2016 года. Тады ўлады Беларусі спрабавалі дамовіцца з Масквой і пагасіць газавы доўг, але справа не выгарала. Адносна чэрвеня 2016-га продажы валюты прадпрыемстваў па-за біржай выраслі на 50,6%.

У чым прычына чэрвеньскага феномену?

Першым на розум прыходзіць тлумачэнне, звязанае са знешнім гандлем. Цяпер за кошт нізкай базы мінулага года экспарт у даляравым выражэнні расце на дзясяткі адсоткаў.

Другая магчымая прычына — чыста банкаўская дзвіжуха. У канцы чэрвеня ў Беларусі паступілі велізарныя сумы ад знешніх крэдытораў — больш за $1,4 млрд па еўрабондах і $300 млн ад ЕФСРА. Частка валютнага балявання ўладаў хоць бы і ў выглядзе аб'едкаў з панскага стала магла пратачыцца ў банкаўскую сістэму.

Паколькі амаль увесь абавязковы продаж валюты сканцэнтраваны на біржавых таргах, баланс попыту і прапановы па-за біржай хранічна перакошаны на карысць попыту. Вось і за чэрвень арганізацыі-рэзідэнты купілі па прамых здзелках $1728 млн, а прадалі $1199 млн. У выніку ўтварыўся дэфіцыт на суму $529 млн.

У залежнасці ад месяца дэфіцыт валюты на пазабіржавым рынку цалкам альбо часткова пакрываецца здзелкамі на БВФБ. Канкрэтна за чэрвень праз валютна-фондавую біржу было прададзена на $457,2 млн больш, чым куплена. Таму ў цэлым разрыў паміж попытам і прапановай для арганізацый-рэзідэнтаў склаў толькі $71,8 млн.

Ліпень у Беларусі з'яўляецца месяцам выплаты квартальных падаткаў. Адсюль чаканы наплыў прадаванай на біржы валюты. Арыенціровачна за кошт падатковага фактару юрасобы-рэзідэнты прададуць на $140—150 млн больш, чым купяць. Розніца пойдзе ў кішэні банкаўскай сістэмы.

Зрэшты, і цяпер банкі пажываюць досыць нядрэнна. Калі за паўгода арганізацыі-рэзідэнты набылі на чыстай аснове $118,5 млн, то насельніцтва аднеслі банкі больш за $1,1 млрд! Для параўнання: за студзень-чэрвень 2016 года грамадзяне аддалі ў банках $634,2 млн. Асабліва цікава, што фізічныя асобы засталіся чыстымі прадаўцамі валюты нягледзячы на рост курсу даляра і еўра. Да гэтых валют беларускі рубель абясцэніўся за чэрвень на 3,7% і 6,4% адпаведна. Аднак у чэрвені грамадзяне прадалі банкам на $182,1 млн больш, чым купілі.

Калі ў насельніцтва з'явіўся нейкі неспакой наконт курсавой стабільнасці, то мы даведаемся пра гэта не раней за жнівень, калі выйдзе ліпеньская статыстыка. Пакуль жа відавочных прыкмет валютнай ліхаманкі і набегу на банкі ў краіне няма. Бесклапотнасць насельніцтва не пахіснула нават шумная гісторыя з пазбаўленнем ліцэнзіі БСБ-Банка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?