Сярэднестатыстычны чалавек траціць на чыстку зубоў ад 50 да 100 дзён свайго жыцця. Стаматолагі кажуць, што рэдка хто чысціць зубы належныя тры хвіліны. Некаторыя нават прапускаюць вечаровую чыстку з-за моцнай стомленасці пасля цяжкага дня. Але ўсё можа змяніцца, калі ў продажы з'явіцца аўтаматычная шчотка, якая сама пачысціць вашыя зубы ўсяго за 10 секунд!

На сусветнай краўдфандынгавай пляцоўцы Kickstarter з'явіўся праект Amabrush, які прэтэндуе на рэвалюцыю ў гігіене роту. На запуск вытворчасці аўтаматычнай зубной шчоткі першапачаткова аўтары прасілі 50 тысяч еўра. У выніку праект настолкі зацікавіў людзей, што Amabrush сабрала ўжо амаль мільён!

Шчотка разборная і складаецца з трох частак: мяккага муштука са шчацінкамі, які ўстаўляецца ў рот, маторчыка, які стварае моцныя вібрацыі, а таксама капсулы з зубной пастай, якая самастойна ўспеньваецца і пры дапамозе мікрапомпы аўтаматычна наносіцца на зубы.

Муштук зроблены з антыбактэрыяльнага сілікону і лёгка мыецца пад вадой. Даследчыкі кампаніі вывучылі больш за 2000 розных тыпаў сківіцаў і распрацавалі ўнікальную сістэму чысткі зубоў. Электронная частка зараджаецца з дапамогай бесправадной док-станцыі. Аднаго зараду хапае ў сярэднім на 28 дзесяцісекундных чыстак. Капсула з зубной пастай далучаецца да шчоткі з дапамогай магніта. Адной капсулы хапае на месяц чысткі зубоў.

Вытворца запэўнівае, што выпусціць розныя варыянты капсул па кошце ўсяго €3 за штуку. 

Як і звычайную ручную зубную шчотку, муштук аўтаматычнай шчоткі трэба мяняць кожныя 3-6 месяцаў. Адзін муштук будзе каштаваць €6.

Паведамляецца, што першыя шчоткі адправяцца да пакупнікоў у снежні, а іх кошт будзе пачынацца з 69 еўра. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?