У Брэсце раней судзімы мужчына забіў вартаўніка аўтасэрвісу і падпаліў памяшканне, каб схаваць сляды злачынства, паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай працы абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС.

Трагедыя адбылася ў абласным цэнтры ўвечары 9 ліпеня. Праваахоўнікам паступіў сігнал аб пажары ў аўтасэрвісе. Пасля таго, як узгаранне было ліквідаванае, супрацоўнікі МНС знайшлі абгарэлы труп 63-гадовага вартаўніка з рэзанымі ранамі грудзей і шыі. На след злачынца выйшаў службовы сабака. Недалёка ад аўтасэрвісу ў гаражным масіве ён знайшоў мужчыну, які там хаваўся.

Затрыманым аказаўся мясцовы жыхар 1990 года нараджэння. Паводле яго слоў, мужчыны распівалі спіртныя напоі. У нейкі момант паміж імі ўзнік канфлікт, і малады чалавек схапіўся за нож. Забіўшы вартаўніка, ён паспрабаваў схаваць сляды злачынства, для чаго і падпаліў памяшканне.

У дачыненні да берасцейца распачатая крымінальная справа па арт. 139 КК (забойства). Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Вядома, што раней малады чалавек быў судзімы за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0