«Лабараторыя Касперскага» падтрымлівае куды больш цесныя сувязі з расійскімі спецслужбамі, чым распавядае пра гэта, паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на электронную перапіску Яўгена Касперскага, што аказалася ў яго распараджэнні.

Яўген Касперскі, фота РБК

Паводле даных Bloomberg, у лістах, адрасаваных высокапастаўленым супрацоўнікам «Лабараторыі Касперскага», гендырэктар кампаніі апісвае праект, рэалізацыя якога была пачатая ўпотай «па вялікай просьбе Лубянкі». Сярод мер, якія прымаюцца для абароны кліентаў, у тым ліку ўрадавых структур, ад нападаў хакераў, у перапісцы згадваюцца і так званыя «актыўныя контрмеры», пра якія Касперскі рэкамендуе сваім менеджарам маўчаць, піша РБК.

Звычайна, кажучы пра «актыўныя контрмеры», змагары з кіберзлачыннасцю маюць на ўвазе атакі на камп'ютары саміх хакераў, тлумачыць Bloomberg. Аднак у дадзеным выпадку гаворка ідзе пра большае.

Крыніца Bloomberg, знаёмая з распрацаванай «Лабараторыяй Касперскага» сістэмай абароны ад DDOS-нападаў, растлумачыла, што тая не толькі перанакіроўвае «шкодны трафік» на серверы, здольныя без шкоды для сябе «пераварыць» яго, але і ў рэжыме рэальнага часу перадае ФСБ даныя пра месцазнаходжанне атакуючых. Пасля гэтага эксперты антывіруснай кампаніі сумесна з паліцыяй і супрацоўнікамі ФСБ выязджалі на захоп хакераў.

«Яны не проста ўзломвалі [камп'ютары] хакераў, яны ламалі дзверы», — тлумачыць Bloomberg.

Крыніцы агенцтва паведамілі, што адным з удзельнікаў такіх рэйдаў быў кіраўнік аддзела расследавання камп'ютарных інцыдэнтаў «Лабараторыі Касперскага» Руслан Стаянаў, арыштаваны ў снежні 2016 года ў рамках расследавання справы аб дзяржаўнай здрадзе.

Кіраўніком жа праекта ў цэлым нібыта выступаў кіраўнік юрыдычнай службы «Лабараторыі Касперскага», былы афіцэр КДБ Ігар Чакуноў. Паводле даных крыніц Bloomberg, ён з'яўляецца галоўным спецыялістам па тэхнічнай падтрымцы, якая аказваецца ФСБ і іншым спецслужбам.

У прэс-службе «Лабараторыі Касперскага» заявілі, што ў кампаніі «няма і не было неэтычных сувязяў ці палітычных пераваг ніводнаму ўраду, уключаючы расійскі».

«Да нас ніколі не прыходзіў афіцыйны запыт ад ФСБ ці іншых урадавых органаў Расіі з прапановай стварыць або ўзяць удзел у праекце па абароне ад DDoS-нападаў», — гаворыцца ў адказе кампаніі.

«Удзельнічаючы ў афіцыйных расследаваннях кіберзлачынстваў у Расіі, мы ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам праводзім толькі тэхнічную экспертызу», — адзначылі ў кампаніі.

У прэс-службе паведамілі, што ў перыяд 2005-2010 гг. «Лабараторыя Касперскага» працавала над тым, каб прапанаваць рынку анты-DDoS прадукт. «Расійскі орган па барацьбе з кіберзлачынствамі кампаніі паведаміў, што, на іх думку, DDoS-атакі ўяўляюць з сябе сур'ёзную пагрозу, якая актыўна развіваецца. І паколькі на рынку існавала патрэба ў абароне ад DDoS, «Лабараторыя Касперскага» інвеставала ў распрацоўку адпаведнага рашэння», — дадалі ў кампаніі.

У чэрвені 2017 года камітэт па ўзброеных сілах сената ЗША прапанаваў забараніць усталёўваць прадукты «Лабараторыі Касперскага» на камп'ютарах Міністэрства абароны. Ініцыятар увядзення забароны сенатар-дэмакрат Джын Шахін патлумачыў яго неабходнасць «наяўнасцю сувязяў «Лабараторыі Касперскага» з Крамлём», якая «выклікае вельмі вялікую трывогу». Па словах Шахіна, прадуктам Касперскага «нельга даверыць абарону крытычных вузлоў інфраструктуры, у асаблівасці камп'ютарных сістэм, жыццёва важных для забеспячэння нацыянальнай бяспекі».

Тады ж тэлеканал NBC паведаміў, што больш за дзесяць амерыканскіх супрацоўнікаў «Лабараторыі Касперскага» былі дапытаныя агентамі ФБР, якіх, у прыватнасці, цікавіла, наколькі падрабязна офісы ў ЗША даюць справаздачу перад галаўным офісам ў Маскве. Спасылаючыся на меркаванне супрацоўнікаў амерыканскіх выведслужбаў, NBC паказаў, што Яўген Касперскі «мае цесныя сувязі з некаторымі асобамі ў выведцы Расіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?