У Беларусі прыняты меры для рацыянальнага выкарыстання рыбалоўных угоддзяў. Адпаведны указ № 247 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 11 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакумент вызначае парадак перадачы ў арэнду рыбалоўных угоддзяў (азёры, натуральныя вадаёмы) і зямельных участкаў па ўзгадненні з кіраўніком Беларусі. Акрамя таго, укараняецца комплексная схема размяшчэння паверхневых водных аб'ектаў (сажалкі і абводненыя кар'еры), прыдатных для вядзення рыбаводства, на падставе якой мясцовыя Саветы дэпутатаў будуць перадаваць іх у арэнду.
Указ дасць магчымасць рацыянальна выкарыстоўваць рыбалоўныя ўгоддзі і зямельныя ўчасткі, неабходныя для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі, а таксама павысіць эфектыўнасць выкарыстання сажалак і абводненых кар'ераў.
Для рэалізацыі права насельніцтва рэспублікі на бясплатнае аматарскае рыбалоўства дакументам прадугледжваецца не перадаваць у арэнду ўчасткі вадацёкаў (рэкі, ручаі, каналы).