Барысаўскі БАТЭ стартаваў у чарговым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў. Першым супернікам беларускага клуба стаў армянскі «Алашкерт». Гэта той самы клуб, які некалькі тыдняў таму ледзь-ледзь адолеў супернікаў з Андоры — 1:0 і 1:1 за два матчы. Зрэшты, армянскія клубы ніколі не вызначаюцца добрымі вынікамі.

Фота Іллі Салаўя, tut.by

Фота Іллі Салаўя, tut.by

У букмекераў не было сумневаў наконт пераможцы сённяшняга матча — толькі БАТЭ. Пачатак гульні толькі пераканаў заўзятараў беларускай каманды ў незваротнасці перамогі. Армяне не хаваючыся цягнулі час і спадзяваліся ўтрымаць нулявую нічыю. За першы тайм футбалісты з Барысава дакладна прабілі па варотах супернікаў сем разоў, тады як іх апаненты ні разу.

Праўда, выніковым стаў толькі адзін удар. Невысокі беларускі перуанец Аляксей Рыас адгукнуўся на флангавую падачу Ігара Стасевіча — 1:0 на 43-й хвіліне.

У гэта складана паверыць, але за ўвесь другі тайм БАТЭ ні разу не трапіў хаця б у браму суперніка! Заўзятары ад пачатку гульні смяяліся з няўдалых адкрыванняў форварда Мікалая Сігневіча, але калі замест яго выйшаў фін Ясэ Туомінен, стала яшчэ горш. Легіянер зусім не трапіў у гульню і бегаў сам па сабе, не ствараючы ніякай небяспекі суперніку.

А вось «Алашкерт» патрохі пачынаў напружваць беларусаў, быў нават удар у перакладзіну. Увогуле, місія брамніка БАТЭ Дзяніса Шчарбіцкага была ў тым, каб адбіць той адзін (максімум два) ўдар армянаў, які даляціць да яго варот. Але калі на 78-й хвіліне мяч прыляцеў да яго, Шчарбіцкі нязграбна адбіў яго проста ў Рыаса, таго самага героя першага тайма. Ад таго мяч адскочыў у вароты — 1:1…

Да канца матча БАТЭ так і не стварыў ніводнага небяспечнага моманта каля брамы «Алашкерта». Гульня ў адказ будзе праз тыдзень. Беларусы, відавочна, мацнейшыя, і мусяць перамагаць. Параза БАТЭ ці нулявая нічыя выведуць у наступны раўнд «Алашкерт». Гэта будзе трагедыя для бюджэта барысаўскага клуба, які можа застацца без лігачэмпіёнскіх прызавых.

Армяне ні разу не прабілі па варотах БАТЭ дакладна, але забілі гол ВІДЭА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?