Група навукоўцаў з некалькіх амерыканскіх універсітэтаў, прааналізаваўшы дадзеныя з сотняў крыніц, прыйшла да высновы, што чалавечая дзейнасць можа нанесці беспрэцэдэнтную шкоду акіянам. На падставе цяперашніх тэндэнцый яны мяркуюць, што на працягу наступных 150 гадоў, верагодна, пачнецца масавае выміранне марской фаўны, паведамляе РБК са спасылкай на артыкул, апублікаваны ў часопісе Science. 

На думку аўтараў даследавання, з параўнання працэсаў марской і наземнай дэфаўнізацыі можна зрабіць наступныя высновы. Па-першае, нізкі ўзровень знікнення марскіх відаў, які назіраецца зараз, можа быць прадвеснікам масавага вымірання, аналагічнага таму, якое адбывалася на сушы ў часы прамысловай рэвалюцыі. Па-другое, каб запаволіць марскую дэфаўнізацыю, неабходна ствараць ахоўныя раёны акіяна і ўмела кіраваць выкарыстаннем яго рэсурсаў. Па-трэцяе, прыклады вымірання наземных відаў і тэндэнцыі ў выкарыстанні сусветнага акіяна азначаюць, што за найбліжэйшыя 150 гадоў разбурэнне асяроддзя пражывання, імаверна, стане дамінуючай пагрозай для марской фаўны.

Навукоўцы высветлілі, што чалавечая дзейнасць ужо ў значнай ступені наносіць шкоду акіяну. У артыкуле адзначаецца, што, хоць некаторым акіянічным відам шкодзіць перавылаў, значна большую небяспеку нясе буйнамаштабная згуба асяроддзя пражывання, і гэты працэс будзе паскарацца з развіццём тэхналогій. Напрыклад, колькасць каралавых рыфаў на планеце зменшылася на 40%, часткова ў выніку пацяплення, выкліканага змяненнем клімату.

Некаторыя віды рыб ужо мігруюць у больш халодныя воды. Так, адзін з відаў марскога акуня, які калісьці быў шматлікім ля ўзбярэжжа Вірджыніі, цяпер часцей сустракаецца на поўначы — у берагоў Нью-Джэрсі. Менш удачлівым відам не ўдаецца знайсці новае месца жыхарства. У той жа час выкіды парніковых газаў змяняюць хімічны склад марское вады, падвышаючы яе кіслотнасць, адзначаецца ў даследаванні.

Вывучэнне выкапняў парэшткаў паказвае, што некаторыя буйныя жывёлы вымерлі пасля з'яўлення чалавека ў месцах іх пражывання. Напрыклад, гіганцкая бяскрылая птушка моа, якая калісьці жыла на выспах Новай Зеландыі, была вынішчаная ў XIV стагоддзі палінезійцамі, якія туды прыбылі. Ім спатрэбілася на гэта прыкладна сто гадоў. Аднак выміранне наземных відаў па-сапраўднаму паскорылася толькі пасля 1800 года, з пачаткам прамысловай рэвалюцыі, адзначаюць даследчыкі.

Усяго за пяць апошніх стагоддзяў вымерла 514 відаў наземных жывёл! Пры гэтым, як высветлілі аўтары даследавання, задакументаваных знікненняў акіянічных відаў было значна менш. Да 1500 года, напрыклад, зніклі некалькі відаў марскіх птушак. З тых часоў было зафіксавана выміранне толькі 15 відаў, у тым ліку такіх сысуноў, як карыбскі цюлень-манах і стэлерава карова.

Аўтары яшчэ аднаго даследавання, апублікаванага ў 2014 годзе, адзначалі, што дэфаўнізацыя з'яўляецца найбольш значным кампанентам шостага масавага вымірання і ў той жа час асноўным фактарам глабальных экалагічных змяненняў. Пад дэфаўнізацыяй разумеецца знікненне пазваночных буйнога і сярэдняга памеру або зніжэнне іх папуляцыі пад уздзеяннем антрапагеннага фактару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?