Рада Фэдэрацыі Расеі адзінагалосна заклікала прэзыдэнта Расеі прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Тое самае рашэньне сёньня мае прыняць таксама Дзяржаўная Дума Расеі. У Маскве знаходзяцца кіраўнікі самаабвешчаных рэспублік.

Гэтае рашэньне ня мае юрыдычнае сілы. Прызнаць незалежнасьць можа толькі Міністэрства замежных справаў на даручэньне прэзыдэнта. Пакуль няясна, ці пойдуць Пуцін і Мядзьведзеў на такі крок.

Прэцэдэнтамі апошняга часу былі Эрытрэя, Тымор-Лештэ і Косава. У выпадку афрыканскай і азіяцкай краінаў існаваў кансэнсус міжнароднае супольнасьці. У выпадку Косава рашэньне прымалася супольна заходнімі вялікімі дзяржавамі і ісламскімі краінамі, нягледзячы на скепсіс ці супраціў Расеі і Кітаю, і было падтрыманае шасьцю дзясяткамі краінаў.

Выпадак Асеціі і Абхазіі розьніцца тым, што Расея дзейнічае аднаасобна. Кітай стаіць за прынцып тэрытарыяльнае цэласнасьці, а Маскву на сёньня афіцыйна падтрымалі толькі тры краіны ва ўсім сьвеце — Беларусь, Вэнэсуэла і Сырыя.

У выпадку аднабаковага прызнаньня Расея сутыкнецца з халоднай рэакцыяй Захаду.

Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі склікае ў сымбалічны дзень 1 верасьня саміт Эўрасаюзу, каб абмеркаваць сытуацыю ў Грузіі. Сустрэча адбудзецца ў Брусэлі. Камэнтатары адзначаюць, што да стану прыхільнікаў цьвярдзейшае рэакцыі на дзеяньні Расеі далучылася канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, а пасьлядоўна прарасейскія пазыцыі займае толькі ўрад Бэрлюсконі (Італія).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?