Фота Сяргея Гудзіліна.
Афіцыйнай прэзентацыі слоўніка яшчэ не было, аднак цікаўныя лінгвісты ўжо пачалі абмяркоўваць заўважаныя новаўвядзенні. У буйных кнігарнях, дарэчы, слоўнік ужо ёсць.
«Наша Ніва» склала невялікую падборку слоў, транскрыпцыя якіх альбо змянілася, альбо да яе дадаўся яшчэ адзін варыянт.
Беларуская мова — жывая, яе правілы могуць (і павінны) карэктавацца, асабліва што датычна запазычаных словаў. У выпадках, на якія мы звярнулі ўвагу, навукоўцы вырашылі змяніць норму вымаўлення, наблізіўшы яе да таго, як людзі гавораць насамрэч.
Згадзіцеся, мала хто кажа «[с']екс» з мяккім галосным — «[с]экс» гучыць нашмат больш натуральна. Магчыма, з цягам часу зменіцца не толькі норма вымаўлення, але і норма напісання. Адзначым, што «Наша Ніва» ўжо даўно выкарыстоўвае менавіта пісьмовую форму «сэкс».
Словы накшталт «у рэшце рэшт» да нядаўняга часу мусілі вымаўляцца як «у рэ[с']це рэшт». Гэта было пастаяннае пытанне на алімпіядах па беларускай мове, каб падлавіць няўважлівых вучняў. Аднак, скажам шчыра, у рэальным жыцці так казаў мала хто. Цяпер навукоўцы ўлічылі гэта.
Скарачаецца і колькасць слоў з выбухным «г». «Ганак» з «гузікам» яшчэ трымаюцца, а вось «агрэст» здаўся.
Выключэнняў з правіл стала менш.
Якія нормы беларускага вымаўлення, на вашу думку, таксама могуць быць скарэктаваныя? Абмяркоўвайце!
Мегаскладаны ТЭСТ на каларытныя беларускія слоўцы — калі адгадаеце хаця б палову, вы разумнік





