25 жніўня на 74‑ым годзе жыцьця памёр дырэктар інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» Васіль Несьцярэнка. Навуковец памёр пасьля апэрацыі на страўніку.

Старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы ўспамінае: «Васіль Несьцярэнка — адзін зь нямногіх маіх знаёмых, які ўсё жыцьцё меў і захаваў сапраўднае чалавечае аблічча. Пачынаючы ад 1986 году, Несьцярэнка быў тым чалавекам, які ня хлусіў, не хаваўся і не шукаў кампрамісаў.

Усё жыцьцё ён змагаўся з тымі, хто спачатку прывялі ў Беларусь Чарнобыльскую трагедыю, а пасьля спрабавалі яе схаваць. Калі за сваю цьвёрдую пазыцыю навукоўца выперлі з усіх працаў, то ён не скарыўся, а стварыў «Белрад», дзе працягваў гаварыць праўду пра радыяцыю і яе наступствы.
Спрабаваў, чым мог, дапамагчы жыхарам забруджаных тэрыторый, асабліва дзецям. З маіх знаёмых усяго некалькі чалавек так і ня кінулі гэтай ганаровай, але цяжкай працы. Сёньня я нізка схіляю галаву перад памяцьцю гэтага чалавека. Спадзяюся, што прыйдзе час, калі і памяць пра Васіля Несьцярэнку ўшануюць і на дзяржаўным узроўні».

Васіль Несьцярэнка нарадзіўся 2 сьнежня 1934 году ў Луганскай вобласьці (Украіна). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча імя Баўмана (1958). Працаваў у Акадэміі навук СССР. Ад 1963 году ў Беларусі. З 1990 году дырэктар Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад». Доктар тэхнічных навук, прафэсар.

Апошнія гады жыцьця Васіль Несьцярэнка быў адкрытым праціўнікам пабудовы ў Беларусі АЭС.

У сьнежні 2006 году ў інтэрвію «НН» прафэсар так выказаўся адносна пабудовы АЭС:
«Стаўленьне катэгарычна адмоўнае. У нас няма патрэбных кадраў, інжынернай інфаструктуры.
У эканамічным пляне АЭС будзе даражэйшай, чым паліва, якое мы набываем цяпер. У любым выпадку застаецца залежнасьць ад Расеі, ці мы купляем газ, ці ўран.
Як на мой погляд, то найперш трэба разабрацца з наступствамі Чарнобыльскай трагедыі, а ўжо потым думаць пра ўласную станцыю».

Пахаваньне Васіля Несьцярэнкі адбудзецца 27 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?