Экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта і палітвязень Аляксандар Казулін адказаў на пытаньні наведвальнікаў аднаго з найбольш папулярных расейскіх сайтаў www.lenta.ru.

Чытачоў парталу найбольш цікавілі далейшыя беларуска-расейскія адносіны.

Казулін адказваў на пытаньні сьцісла і канкрэтна — ня так мнагамоўна, як на мінулым тыдні падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Вось як ён адказаў на пытаньне пра ўвядзеньне расейскага рубля: «Гэта можа быць небясьпечным для сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі на дадзеным этапе, з другога боку можа быць вельмі нават аздараўляльным для эканомікі. Усё залежыць ад палітычных мэтаў».

Ці скончылася ў Беларусі палітыка русіфікацыі, пытаюцца ў Казуліна: «Так, гэтая палітыка, якая пачалася ў ХІХ стагодзьдзі, прыпыненая. Зараз ідзе складаны працэс стварэньня беларускай нацыі, таму ня слушна весьці гаворку пра дэнацыяналізацыю беларусаў. Прашу не трактаваць гэтыя працэсы як варожыя для расейскага народу», – кажа былы палітвязень.

Разам з тым, Аляксандар Казулін кажа пра немагчымасьць стварэньня саюзнай дзяржавы на ўзор СССР.

«У тым выглядзе, што саюз знаходзіцца зараз, я ня бачу пэрспэктываў для разьвіцьця», – кажа Казулін. Ён называе сёньняшнюю беларускую ўладу фармальна прабеларускай, але фактычна, якая залежыць ад волі Крамля.

Папалохаў Казулін расейскую публіку і нацыяналістамі, як гэта любіць рабіць і Лукашэнка.

«Дастаткова доўга тэрмін беларуская і расейская мова будуць заставацца дзяржаўнымі.

Я паважаю спадара Пазьняка, але не падзяляю ягоныя погляды ў адносінах да Расеі і расейцаў».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?