У Польшчы ліберальная апазіцыя каторы дзень пратэстуе супраць рэформы судоў, якую задумаў урад.

Вечаровыя дэманстрацыі адбываюцца не толькі ў Варшаве, але і ў іншых гарадах. На фота зверху — пратэст каля Сойма ў сталіцы. Знізу: у Любліне пратэставала каля тысячы чалавек.

Выступы арганізоўваюць панадпартыйныя Камітэт абароны дэмакратыі (Komitet Obrony Demokracji) і рух «Грамадзяне РП» («Obywateli RP»).

Урад хоча, каб права прызначаць большасць суддзяў найвышэйшых судовых інстанцый атрымала парламенцкая большасць. Апазіцыя лічыць, што гэта прывядзе да кантролю кіруючай партыі над судамі, што парушыць падзел уладаў.

Кансерватары з «Закона і справядлівасці» сцвярджаюць, што сваёй рэформай хочуць пакончыць з повязямі суддзяў з буйным бізнэсам і ліберальным істэблішментам.

Праціўнікі ўрада бачаць у ягоных дзеяннях спробы «ўвекавечыць» сваю ўладу, дзякуючы кантролю над дзяржаўнымі СМІ і судамі. так ужо здарылася ў Венгрыі, дзе нязменна кіруюць кансерватары Орбана. 

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда рэкамендаваў заканадаўцам змяніць закон, які вылікаў пратэсты. У адваротным выпадку ён пагражае не падпісаць яго.

Праціўнікі судовай рэформы заяўляюць, што нефармальны лідар «Закона і справядлівасці» Яраслаў Качынскі хоча ператварыць Польшчу ў «другую Беларусь», маючы на ўвазе, што ў нашай краіне суды падпарадкоўваюцца выканаўчай уладзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?