У адной невялічкай краіне пачаліся вялікія праблемы са свабодай. Там сьпярша забаранілі незалежныя мэдыі, паездкі за мяжу і прыватную маёмасьць. Пасьля ліквідавалі піва і музыку. А праз некалькі гадоў усталяваньня дыктатуры было ўжо забаронена ўсё, альбо дакладней будзе сказаць — нічога не было дазволена. Адзіным аазісам свабоды для кожнага грамадзяніна заставалася ягоная ўласная галава. Людзі мелі шанец быць вольнымі выключна ў сваіх думках. І шмат хто, зь незадаволеных, нават такой магчымасьцю карыстаўся. Думалі сабе што хацелі, уяўлялі што толькі дазваляла фантазія, марылі што толькі магло прымроіцца. Шмат хто захоўваў унутраную свабоду.

Краіна пра гэта здагадвалася і таму працягвала працу над канструкцыяй машыны для сканаваньня мазгоў. Праз гады экспэрымэнтаў машыну ўдалося вынайсьці і запусьціць. У паніцы перад перасьледам свабодалюбцы пачалі адвучваць сябе ад крамольнай практыкі. Але ж кінуць думаць ураз было немагчыма. Шматлікія рэпрэсіі закранулі тых што працягвалі адчуваць унутраную свабоду. Машыны для сканаваньня працавалі бесьперастанку, выяўляючы апошніх недабіткаў дыктатуры.

Але чалавек гэта надзвычайнае стварэньне, якое ўмее прыстасавацца да любога атачэньня нашмат лепш за хамэлеона. Людзі з часам навучыліся верыць у хлусьню. Нават калі яны чулі нешта хлусьлівае, то ўмелі так спрытна пераканаць сябе што гэта праўда, што ніводная машына і блізка не магла здагадацца пра іхняе махлярства. Калі з трыбунаў крычалі што краіна іхная самая свабодная, той, хто разумеў, што гэта лухта, адразу прывучаў сябе верыць, што гэта сьвятая праўда і сам быў ужо гатовы даводзіць яе іншым. А рабіць гэта можна было, толькі паверыўшы ў хлусьню.

Адзінай бадай прыемнасьцю была сьвядомасьць што машыну думак можна падмануць. Цяпер людзі падзяляліся на сьвядомых і несьвядомых, аднак ні тыя ні другія нават ня сьмелі пра гэта падумаць. Краіна была перакананая, што чытае думкі сваіх грамадзянаў і была вельмі гэтым задаволеная; грамадзяне былі ня менш задаволеныя, бо ўсьведамлялі што спрытна ашукваюць краіну. Незадаволеных у гэтай краіне ўжо не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?