Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прыняў прапанову Аляксандра Лукашэнкі аб адпраўцы сумесных гуманітарных канвояў на Данбас без пасярэднікаў «па найкароткім шляху». Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў па выніках сустрэчы з Парашэнкам, піша Tut.by.

president.gov.ua

president.gov.ua

Лукашэнка адзначыў, што кіраўнікі нямала часу абмяркоўвалі сітуацыю ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны.

— Перш за ўсё, я Пятру Аляксеевічу пра гэта сказаў і папрасіў яго, мы пастаўляем гуманітарную дапамогу ў гэтыя вобласці. Мы хацелі б працаваць там без пасрэднікаў і па найкароткім шляху. І прасіў, што калі будзе цікавасць нейкая і ў нас супадуць гэтыя гуманітарныя канвоі, каб мы гэта зрабілі разам. Людзі ж нашы, дзяліць нам няма чаго. Я ўдзячны прэзідэнту і яго калегам, якія пагадзіліся на гэты крок. Мы ў стане сваім людзям (я не лічу іх чужымі) дапамагаць, хто трапіў у бяду».

Кіраўнік Беларусі дадаў, што яго пазіцыя ў дачыненні да канфлікту ва Украіне не змянілася.

— Я ніколі не ставіў перад сабой мэту бегчы наперадзе паравоза. Я рабіў, раблю і буду рабіць толькі тое, аб чым мяне папросяць два прэзідэнты, — заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе кіраўнікоў Расіі і Украіны. — Усё, што даручаць мне два прэзідэнты, больш, чым хто-небудзь уцягнутыя ў гэты канфлікт, мы, беларусы, будзем рабіць. Мы не прэтэндуем ні на якія лаўры. Якія могуць быць лаўры, калі гінуць людзі?! Вы — украінцы, павінны ведаць, што ў вас ёсць блізкія і родныя людзі, якія жывуць трохі больш на поўнач, але нічым не адрозніваюцца ад вас. І калі вам цяжка, у чым толькі зможам, мы заўсёды дапаможам.

У сваю чаргу, Парашэнка назваў Лукашэнку «добрым сябрам, які заўсёды гатовы нас падтрымаць». Па словах прэзідэнта Украіны, ён у чарговы раз атрымаў запэўніванні, што тэрыторыя «сяброўскай Беларусі ніколі не будзе выкарыстаная для агрэсіі супраць Украіны».

Парашэнка дадаў, што яны з Лукашэнкам дамовіліся забяспечыць на ўмовах узаемнасці знаходжанне украінцаў у Беларусі без рэгістрацыі на той жа тэрмін, што і беларусы могуць знаходзіцца ва Украіне.

— Гэта зямля дружбы. Беларусам ва Украіне і ўкраінцам у Беларусі павінна быць камфортна.

Сумеснай дэмаркацыйнай камісіі даручылі завяршыць працэс дагаворна-прававога афармлення мяжы Беларусі і Украіны, адзначыў Парашэнка. У бліжэйшы час пастаўленая задача выйсці на 5 млрд даляраў тавараабароту.

Бакі дамовіліся ствараць сумесныя прадпрыемствы для вытворчасці ўсіх магчымых тавараў для экспарту ў трэція краіны.

Беларусь і Украіна таксама падпісалі праграму супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы культуры на 2017-2021, у сферы міжнацыянальных адносін, пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж нацыянальнымі акадэміямі навук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0