Эмір Катара шэйх Тамім бен Хамад Аль Тані заклікаў да ўрэгулявання крызісу ў адносінах з Саудаўскай Аравіяй, ААЭ, Бахрэйнам і Егіптам. Гэта яго першае публічнае выступленне пасля таго, як у пачатку чэрвеня супраць Катара былі ўведзеныя дыпламатычныя і эканамічныя санкцыі.
У сваім тэлевізійным выступе эмір асудзіў «зламысную ганебную кампанію» супраць Катара і высока ацаніў спакой сваіх падданых.
«Як вы ведаеце, жыццё ў Катары ідзе сваім парадкам», — сказаў ён.
Аднак «настаў час пазбавіць людзей ад палітычных супярэчнасцяў паміж нашымі ўрадамі», працягнуў шэйх Тамім бен Хамад Аль Тані. «Мы адкрытыя для дыялогу, каб вырашыць нявырашаныя праблемы», — запэўніў ён.
Эмір абмовіўся, што перамовы магчымыя толькі пры павазе суверэнітэту Катара.
Саудаўская Аравія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн і Егіпет разарвалі дыпламатычныя адносіны і ўвялі санкцыі ў дачыненні да Катара ў пачатку чэрвеня, абвінаваціўшы яго ў фінансаванні экстрэмісцкіх груп і падтрымцы тэрарызму. Катар не прызнае гэтыя абвінавачванні….