Колькасць дзяцей, якія атрымліваюць адукацыю па-беларуску, імкліва скарачаецца. Калі бацькі хочуць, каб на гэтай мове выкладалі прадметы ў школе, яны павінны прасіць, пісаць заявы, набіраць «крытычную масу» жадаючых, ці вазіць малых у беларускамоўны садок і школу на другі канец горада. У рэгіёнах зачыняюцца малакамплектныя школы, пераважна беларускамоўныя. Што думаюць наконт гэтага бацькі, дэпутат Нацыянальнага сходу і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі.

Шматдзетны бацька: «Мы не фрыкі, мы адукаваныя людзі, мы хочам, каб дзеці вучыліся па-беларуску»

Праблемы беларускамоўнай адукацыі абмяркоўвалі ў Таварыстве беларускай мовы некалькі дзён таму. У размове ўдзельнічалі бацькі, дэпутат Алена Анісім, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі.

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Алена Анісім лічыць, што моўнае пытанне трэба паднімаць у парламенце. Момант зручны — рыхтуецца новы Кодэкс аб адукацыі. Тым больш, да дэпутата з праблемамі звяртаюцца бацькі. Па паперах кожнае дзіця мае права атрымліваць адукацыю на беларускай ці рускай мове. Але, нягледзячы на гарантыі, якія дае заканадаўства, на практыцы з беларускім навучаннем ўсё далёка не так проста.

Жыхар Мінска Андрусь Клікуноў — шматдзетны бацька, у яго чацвёра дзяцей.

— У нашай сям'і мова камунікацыі - беларуская. Старэйшыя — білінгвы, а малодшая ў свае чатыры гады яшчэ цалкам беларускамоўная. Ва ўмовах расійскамоўнага асяроддзя такі план складана ажыццявіць, але магчыма, — распавядае Андрусь Клікуноў. — Хацеў бы папрасіць Міністэрства адукацыі зважаць на тое, што ёсць беларускамоўныя дзеці. Мы не фрыкі. Мы адукаваныя людзі, якія бачаць сітуацыю ў краіне і важнасць таго, што ў нашым кантэксце трэба, каб развівалася беларуская мова, каб яна гучала з вуснаў дзяцей у першую чаргу.

Але вельмі часта бацькі вымушаны прыкласці вельмі шмат намаганняў, каб дабіцца гарантаванага права для сваіх дзяцей.

— Па-першае, дзе знайсці садочкі на беларускай мове, школы, гімназіі на беларускай мове ў межах крокавай даступнасці? Другая праблема — адсутнасць пераемнасці беларускамоўнай адукацыі. Мы жывем у Маскоўскім раёне. Малодшыя дзяўчынкі ходзяць у садок у Паўднёвы Захад. Там ёсць цудоўная беларускамоўная група, выдатнейшая выхавацелька, выдатнейшая. Але калі старэйшая дзяўчынка яшчэ ходзіць да гэтай выхавацелькі, то малодшая ўжо не мае шансаў атрымліваць дашкольную асвету на беларускай мове. Ну, на гэта мы заплюшчваем вочы, бо нам насустрач ідуць іншыя выхавацелі, яны імкнуцца камунікаваць з дачкой па-беларуску. Вось малодшая ўжо падрастае і хутка таксама пойдзе да гэтай выхавацелькі ў беларускамоўную групу, а старэйшая зараз ужо ідзе ў школу. Бяда ў тым, што дзеці выходзяць з садочка ад цудоўнай, адданай сваёй працы выхавацелькі, і што мы бачым? На весь Маскоўскі раён Мінску толькі адна беларускамоўная школа — № 60, на вуліцы Розы Люксембург. Калі ў цябе чацвёра дзяцей, не так лёгка развозіць дзяцей кожны дзень па самых розных установах адукацыі.

Андрусь лічыць: бацькі бацькамі, але ў першую чаргу дзяржава павінна забяспечыць пераемнасць адукацыйнага працэса на ўсіх этапах, пачынаючы з дашкольнага ўзросту і да вышэйшай школы.

Акрамя таго, у школах не матывуюць дзяцей размаўляць па-беларуску.

— Дзеці з рускамоўных сем’яў чуюць беларускую мову зрэдку. Яшчэ ў маім пакаленні дзеці ездзілі на лета ў вёску, у іх там былі беларускамоўныя бабулі. Вярталіся і нават у расейскамоўнай школе пачыналі нешта па-беларуску казаць. Зараз дзеці ў вёскі ўжо амаль не ездзяць. На мой погляд, выкладаючы беларускую мову, трэба рабіць акцэнт на камунікацыйным аспекце. Трэба, каб дзеці ведалі, што ёсць свая мова, на якой можна не толькі вывучаць прадметы і глядзець тэатральныя выступы, а размаўляць.

Дэпутат Алена Анісім дадала, што сёння ёсць бацькі, якія пераводзяць дзяцей на хатняе навучанне, не здолеўшы перамагчы неспрыяльную для беларускамоўных дзяцей сістэму.

— Нашая задача — не канфрантацыя, але трэба абазначыць, якія мы зараз маем праблемы, — адзначыла Алена Анісім. — А пасля ісці і кожную з іх пачынаць вырашаць. Безумоўна, у нас не было б ні праблемаў з наборам, калі б мы ішлі па тым шляху, па якім ішла ў свой час Прыбалтыка. У Літве якая была сітуацыя у 60−70 гады? На тры школы мінімум дзве былі на літоўскай мове, адна — на рускай. Ніякім іншым чынам пытанне не вырашалася. А ў 90-я гады ў нас пачалі закрываць беларускамоўныя класы, беларускамоўныя школы перапрафіліраваць. Сітуацыія ж была нармальная. Праблемы не было, сёння гэта зроблена праблемай. Зараз у нас няма працягу навучання беларускай мове ні ў сярэднеспецыяльных установах, ні ў вну, за выключэннем асобных факультэтаў, праграм асобных спецыяльнасцяў.

Маці дзвюх дзяўчынак Мілана Міхалевіч з Мінску адзначыла, што нават у беларускамоўнай гімназіі ёсць праблема з дадатковымі матэрыяламі.

— Ужо некалькі год старэйшае дзіця ў навучальным працэсе карыстаецца контурнымі картамі на рускай мове. Таму што іншых «няма ў прыродзе» — так адказваюць ва ўсіх кнігарнях. Працоўныя сшыткі, якія не абавязковыя для выкарыстання ў навучальным працэсе, але якія большасць настаўнікаў просіць набываць, у прыватнасці па геаграфіі, маюцца толькі на рускай мове, іх не перавыдаюць па-беларуску. Тое, што знаходзім — перадаем з рук у рукі.

Гімназія №23 адна з лічаных, што працуе па-беларуску

Гімназія №23 адна з лічаных, што працуе па-беларуску

У рэгіёнах Беларусі свая праблема: зачыняюцца малакамплектныя школы, а збольшага яны беларускамоўныя. Дзяцей вязуць аўтобусамі ў новую школу — часта ўжо рускамоўную, альтэрнатывы не прапануецца, адзначылі ўдзельнікі размовы.

Дарэчы, напрыканцы мая «Наша Ніва» прааналізавала дадзеныя Белстата па беларускамоўнай адукацыі. Так, за апошнія 10 гадоў колькасць вучняў, якія атрымліваюць веды па-беларуску, зменшылася ўдвая: з 246 да 129 тысяч чалавек. Выданне называе сітуацыю моўнай катастрофай.

Мінадукацыі: «Пытанне ў тым, што няма жадаючых вучыцца па-беларуску»

Ірына Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі, адказвае, што ў ведамстве «таксама перажываюць», што колькасць тых, хто вучыцца па-беларуску, скарачаецца.

— З 2012 года Міністэрства адукацыі дазволіла, параіла ўстановам адукацыі з рускай мовай навучання вучэбны прадмет «гісторыя Беларусі» выкладаць на беларускай мове. У нас ёсць магчымасць фарміраваць тыражы такіх падручнікаў. Калі набіраецца клас, то дзеці маюць права вывучаць у рускамоўнай установе адукацыі гэты прадмет на беларускай мове, — адзначыла Ірына Булаўкіна — Калі ў класе будзе адно такое дзіця, то навучанне па-беларуску ажыццяўляць складана.

Прадстаўніца Мінадукацыі прыводзіць лічбы: у 2015−2016 навучальным годзе 18 760 вучняў пажадалі вывучаць гісторыю Беларусі на беларускай мове, у 2016−2017- 22 740.

Дарэчы, Алене Анісім прыйшло пісьмо з рэгіёнаў. Бацькі просяць дэпутата хадатайнічаць перад парламентам і Міністэрствам адукацыі, каб ва ўсіх навучальных установах Беларусі беларусазнаўчыя дысцыпліны (гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі, гісторыя беларускай культуры) выкладаліся па-беларуску. Адпаведныя змены прапануюць унесці ў Кодэкс аб адукацыі. Просяць таксама аб магчымасці ствараць у класах па гэтых прадметах дзве групы, калі толькі частка бацькоў жадае беларускамоўнага выкладання.

Што датычыцца заўваг пра несістэмнасць і непераемнасць беларускамоўнага навучання, крокавую недаступнасць беларускамоўных школ, з імі прадстаўніца Мінадукацыі параіла ісці ў выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады.

— У горадзе Мінску гэта камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. І вельмі карысна было б, каб прадстаўнікі камітэту па адукацыі прысутнічалі на такіх размовах і ведалі гэтыя праблемы, — адзначыла Ірына Булаўкіна.

Яна зачытала, у якіх школах і класах у дзвюхмільённым Мінску адукацыя сёння вядзецца па-беларуску.

***

Беларускамоўныя школы і класы

(Мінск, 2016−2017 гг., па інфармацыі Ірыны Булаўкінай, Мінадукацыі)

Завадскі раён. Гімназія № 14, сярэдняя школа № 68 (толькі некалькі беларускамоўных класаў), сярэдняя школа № 112 (беларускамоўным быў толькі першы клас).

Ленінскі раён. Гімназія № 38.

Маскоўскі раён. Сярэдняя школа № 60

Кастрычніцкі раён. Сярэдняя школа № 89 (былі толькі першы і другі класы).

Партызанскі раён. Сярэдняя школа № 72 (толькі 3 і 4 класы пачатковай школы).

Першамайскі раён Гімназія № 9, сярэдняя школа № 190 (некалькі класаў).

Савецкі раён. Гімназія № 23.

Фрунзенскі раён. Гімназія № 4.

***

— У Фрунзенскім раёне плануецца адкрыць першыя класы з беларускай мовай навучання ў шэрагу устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Але гэта пры ўмове, што будуць вучні, — адзначае Ірына Булаўкіна. — На сённяшні дзень у сярэдняй школе № 56 — тры заявы ад бацькоў, якія жадаюць вывучаць прадметы на беларускай мове, у школе № 96 — таксама тры заявы, у школе № 128 — 10 заяваў, у № 151 — 4 заявы, у № 179 — 1 заява. Ну і ўсё… Я параіла спецыялістам аддзела адукацыі: калі не зможаце адкрыць у кожнай школе такі клас, адкрыйце ў нейкай адной школе. Яны разгледзяць пытанне і будуць выбіраць тую установу, у якую будзе зручна дабірацца з розных канцоў Фрунзенскага раёна.

Але, кажа чыноўніца, сітуацыя з адкрыццём новых класаў стане зразумелай не раней за 31 жніўня.

— Яшчэ хачу сказаць, што, дзякуючы намаганням грамадскасці і Міністэрства адукацыі, ў мінулым годзе у сярэдняй школе Магілёва адна дзяўчынка вучылася па-беларуску. Але гэта быў не поўны беларускамоўны клас: шэсць прадметаў лінгвістычнага і філалагічнага накірунку выкладаліся па-беларуску, астатнія — па-руску, — адзначыла Ірына Булаўкіна і прывяла яшчэ некалькі падобных прыкладаў у краіне.

Прадстаўніца Міністэрства адукацыі ўпэўніла, што ў Беларусі ёсць магчымасць і ў рускамоўнай, і ў беларускамоўнай адукацыі.

— Пытанне ў тым, што няма жадаючых вучыцца па-беларуску!

— Скажыце, колькі заяваў ад бацькоў дастаткова сёння для таго, каб у рускамоўных школах адкрыўся беларускамоўны клас? — спыталіся журналісты.

— Па кодэксе, як зараз існуе, у гімназіі і ў першых-трэціх класах — 20 вучняў, далей — 25.

На пытанне, чаму, нягледзячы на роўнасць дзяржаўных моў, нават адной заявы недастаткова (калі не лічыць выключэнні), каб у рускамоўнай школе аўтаматычна адчыніць беларускамоўны накірунак, прадстаўніца Мінадукацыі спаслалася на заканадаўства і адправіла да кіраўніцтва.

Наконт недахопу дадатковых школьных матэрыялаў па-беларуску, прадстаўнікі міністэрства ўпэўненыя: гаворка ідзе толькі пра тыя рабочыя сшыткі, у якіх няма спецыяльнага грыфа Мінадукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?