Украіна і Беларусь дамовіліся аб узаемным навучанні дзяржаўнай мовы на тэрыторыях гэтых краін для дыяспары.
Пра гэта прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка сказаў на прэс-канферэнцыі пасля перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам у Кіеве, паведамляюць украінскія СМІ.
Украінцы змогуць вывучаць родную мову ў Беларусі, заявіў Парашэнка.
«Я ўзняў пытанне пра аднаўленне вывучэння ўкраінскай мовы ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях», — сказаў Парашэнка.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ўкраінцы атрымаюць магчымасць вывучаць сваю мову ў Беларусі, а беларусы сваю — ва Украіне.
«Мы надалі ўвагу задавальненню моўных патрэбаў украінцаў і беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыях нашых краін. Мы працягваем супрацоўніцтва па вывучэнні беларускай мовы ў КНУ [Кіеўскім нацыянальным універсітэце], адкрываем курсы ў Ірпені ды іншых населеных пунктах Украіны», — сказаў Парашэнка.