У Кастрычніцкім судзе Магілёва пачаўся разгляд справы траіх работнікаў морга, якія абвінавачваюцца ў падмане больш за сто чалавек і незаконным атрыманні сумы, якая перавышае 5700 рублёў. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Магілёўскім абласным судзе.

Згодна з выстаўленым абвінавачаннем, работнікі РУП «Белсудэкспертзабеспячэнне», які знаходзіцца пры Магілёўскай бальніцы №1, у маі-ліпені 2016 года шматкроць завышалі патрабаванні за аплату паслуг па падрыхтоўцы цел нябожчыкаў да пахавання, карыстаючыся цяжкім псіхалагічным станам сваякоў памерлых. Падсудныя бралі грошы, пры гэтым не падпісвалі афіцыйных дамоваў, не выдавалі чэкаў. Часам аплата магла быць больш за вызначанаую прэйскурантам у пяць-шэсць разоў. У той жа час пад дамовамі, якія ніхто з кліентаў не бачыў, ставіліся фальсіфікаваныя подпісы.

Следства падчас праверак выявіла 101 пацярпелага. Сёння суд заслухаў паказанні больш як дзесяці з іх. Абвінавачаныя не адмаўлялі сваёй віны і выказвалі гатоўнасць вярнуць сваякам памерлых незаконна атрыманыя грошы.

Разгляд справы працягнецца 26 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0