Сустрэчы ў Барысаве, на якой вырашалася: трапіць БАТЭ ці ня трапіць у Лігу чэмпіёнаў, папярэднічаў удалы для беларусаў матч у Сафіі. А таму матчу папярэднічаў міні-скандал: дырэктар клюбу “Леўскі” хваліўся? Ці ж мы ня выйграем у заводзкай каманды зь нейкага правінцыйнага гарадка штучна створанай краіны? Мы, найлепшы клюб сталіцы, які носіць назву нацыянальнага героя! Гэта выклікала абурэньне ў БелНэце.

Што ж там за «Леўскі» такі?

Клюб «Леўскі», які сёньня будзе граць з БАТЭ ў надзеі на рэванш, носіць імя героя Баўгарыі. Дакладней, мянушку. Леўскім быў празваны юнак Васіл-Ігнаці Кунчаў (1837—1873), ад лява — за ваяўнічасьць ды адвагу. «Леўскі» ў Баўгарыі, лічы, што Ленін ды Каліноўскі, разам узятыя. Манах, які падбіваў баўгараў проці турак, рыхтаваў паўстаньне, закупаў зброю, ня грэбаваў тэрарыстычнымі мэтадамі. Падчас расейска-турэцкай вайны яго схапілі й забілі на сафійскай плошчы. Пры жыцьці ён называў сябе мірскім «дыяканам Васілем», а народ пасьля празваў яго Апосталам свабоды. У 1990-я яго маніліся кананізаваць, але сьвятым — мучанікам ерадыяканам Ігнаціем — ён стаўся толькі для групы раскольнікаў. Летась тэлегледачы абралі яго найвялікшым баўгарынам усіх часоў.

З 1880 году яму ставяць помнікі па ўсёй краіне, а ў ягоны гонар адкрываюць чатыры музэі. Ягонай мянушкай таксама названыя горад, мноства вёсак, і, нарэшце, — сафійскі футбольны клюб.

За «Леўскага» хвалеюць ад 1914 году — яго запачаткавалі й назвалі студэнты сафійскай мужчынскай гімназіі. За час свайго існаваньня клюб, аднак, геройскую назву ня раз мяняў: у 50-я ён зваўся «Дынама», у 70-я — ажно двума героямі: «Леўскі-Спартак», у 80-я, як віцебскія вафлі ды баўгарская гара, — «Вітоша».

25 разоў «Леўскі» станавіўся чэмпіёнам Баўгарыі, апошні раз — у 2007-м. Найвялікшае дасягненьне на міжнароднай арэне апошняга часу — выхад у чвэрцьфінал кубку УЭФА ў сэзоне 2005-2006.

У 1998 у Баўгарыі не знайшлося трэнэра, каб узначаліць клюб, і на пасаду запрасілі пажыцьцёва дыкваліфікаванага сваёй фэдэрацыяй украінца Вячаслава Грознага, якога пазьней прызналі найлепшым трэнэрам чэмпіянату Баўгарыі. Праз год трэнэрам стаў расеец Уладзімер Фядотаў — ягоная кар’ера хутка вылецела за лінію поля з фармуліроўкай «за невыкананьне пастаўленых задач». Пачалася эра гучных скандалаў у клюбе.

У 2001 у каманду прыйшлі расейскія легіянэры, аднаго зь якіх пасьля прыйшлося выгнаць за п’янку. Далей у мясцовых газэтах пайшла пагалоска, што расейскі алігарх ды ўладальнік «Леўскага» (а таксама буйной камунікацыйнай і буйной нафтаперапрацоўчай кампаніі) Міхаіл Чарной падазраецца ў фінансавых махінацыях. Заходняя прэса ўвогуле зьвязала Чарнога з кантрабандыстамі зброі ўкраінскага паходжаньня, піша zavtra.com.ua. Згадкі пра драбнейшыя «дасягненьні» Чарнога можна й цяпер знайсьці ў крымінальных рэгіянальных газэтах. Зрэшты, гэтыя падазрэньні не замінаюць Чарному гаспадарыць славутым баўгарскім клюбам да сёньня.

Згадваючы пра чорныя плямы на «Леўскім», ня варта забывацца, што на агульнабаўгарскім тле яны й не такія ўжо чорныя. Тамтэйшы чэмпіянат даўно мае славу аднаго зь лідэраў па колькасьці «прадаваных» матчаў.

Баўгарыя далёка ў сьвеце знаная карумпаванасьцю сваіх чыноўнікаў. Эўракамісія простай мовай была агучыла гэтую незайздросную характарыстыку й нават вылучыла грошы на барацьбу з карупцыяй. Ды неўзабаве мусіла прызнаць, што грошы «былі выкарыстаныя неэфэктыўна» (ці недыпляматычнай мовай — разрабаваныя тымі ж карупцыянэрамі) ды ад мэтаду фінансавых уліваньняў перайшла да мэтаду вэрбальных пераконваньняў. Баўгарыя стала першай краінай, якой ЭС перапыніла структурныя датацыі да вырашэньня праблемаў з карупцыяй.

Не падмажаш — не паедзеш, асабліва з дактарамі, пракурорамі, мытнікамі, паліцэйскімі, дэпутатамі дый чыноўнікамі ўвогуле — лічаць баўгары і гэтым паслугуюцца. Паводле рэгулярных апытаньняў, больш як 80 % баўгараў лічаць узровень карупцыі ў краіне надта высокім.

Час ад часу гэтая ўпэўненасьць падмацоўваецца выпускамі крымінальнай хронікі. Гэтак, сёлета ў траўні баўгарскія мытнікі праславіліся на ўвесь сьвет маляўнічым пэрформэнсам: калі на прапускным пункце зьявіліся сьледчыя, з вокнаў мытных кабінэтаў пасыпаліся... грошы. Некалькі тысяч эўраў злодзеі ў форме выкінуць, аднак, не пасьпелі, і тыя былі канфіскаваныя разам з прыпасамі алькаголю ды цыгарэтаў. Гэткай акцыяй адзначыўся новы мытны начальнік, папярэдніка якога зволілі акурат за карупцыю.

У 2004 годзе праз абвінавачаньні ў карупцыі страціў пасаду найвышэйшы спартовы функцыянэр краіны — кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Баўгарыі Іван Слаўкаў. З журналістамі, якія выдалі сябе за бізносоўцаў, ён абмеркаваў, як заручыцца галасамі падчас выбару сталіцы Алімпіяды-2012, а пасьля тыя шчыраваньні паказалі па Бі-бі-сі.

«Сказаць, што я расчараваны, значыць нічога не сказаць. Я дужа й дужа раззлаваны», — лютаваў тады прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Жак Роге.

Дый нашыя заўзятары добра памятаюць разьвязаны летась румынскай спартовай газэтай гучны скандал пра нібыта дагаварны матч між зборнымі Баўгарыі і Беларусі. Тады зноў усплыла імя Чарнога, румыны, якім залежала ад таго матчу, зьвярнуліся ў УЭФА, а трэнэр баўгарскай каманды «Міньёр» пацягнуў футбалістаў у царкву прысягаць на Бібліі ды пракляў там хабарнікаў і нядобразычліўцаў. «Зямныя» захады ў барацьбе з баўгарскай карупцыяй якіх бы то вынікаў пакуль не даюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?