З 1991 па 1996 гг. 27 Ліпеня было галоўным нацыянальным святам краіны

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Яна абвясціла поўны дзяржаўны суверэнітэт БССР як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў і незалежнасць знешніх адносінах.

25 жніўня 1991 года Дэкларацыя атрымала статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесеныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР 1978 года.

19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб назве рэспублікі, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь. Была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

8 снежня 1991 года ў беларускай урадавай рэзідэнцыі ў Віскулях Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны дэнансавалі дагавор 1922 г. аб утварэнні СССР.

З 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці — адзначаўся 27 ліпеня і быў прымеркаваны да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.

Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі падчас рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года было прынята рашэнне аб святкаванні Дня незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нацыстаў.

Грамадскасць адзначае 27 ліпеня, як і Дзень Волі 25 сакавіка, рознымі акцыямі.

Так, сёння ўвечары актывісты Руху «За свабоду» будуць раздаваць у цэнтры Мінска стужкі нацыянальных колераў, шэраг грамадскіх дзеячаў збярэцца аб 11.45 каля магілы Васіля Быкава на Усходніх могілках, каб ушанаваць памяць актыўных удзельнікаў адраджэння дзяржаўнасці. 

Са святам, чытачы!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру