Дырэктар універмага «Беларусь», дэпутат Мінгарсавета Мікола Мятліцкі даў інтэрв'ю газеце «Вячэрні Мінск». Сярод іншага, ён рэзка выказаўся пра некаторых пакупнікоў крамы, а таксама расказаў пра сваё стаўленне да гіпермаркетаў.

Ёсць у нас некалькі ўбогіх, я б сказаў, пакупнікоў, якія, напэўна, ні на працы не запатрабаваныя, ні дома іх не паважаюць, таму, прыйшоўшы ў універмаг, яны даюць волю сваім эмоцыям, адчуваюць сябе героямі. Кнігу скаргаў дайце па першым патрабаванні! Адна дама ходзіць да нас ледзь не праз дзень. То не так пернік паклалі, то не так этыкетку прыляпілі. Хобі такое — усіх вучыць. А наша задача — усім дагадзіць, каб чалавек, нават калі прыйшоў з дрэнным настроем, ад нас сышоў з добрым. Калі мне асабіста прыходзіцца разбіраць нейкія скаргі, заўсёды станаўлюся на бок пакупніка, таму што мы прафесіяналы, таму што нас вучылі, як абыходзіцца з рознымі людзьмі. І мы павінны знаходзіць выхад, як разрадзіць сітуацыю.

* * *

Прыватныя гіпермаркеты — добрыя, сучасныя: плошчы, падыходы, пад'езды, стаянкі, паркінгі, усё гэта ў іх ёсць. Але, ўжо дазвольце мне так выказацца, душэўнасці там не хапае. У зале часам не знойдзеш кансультанта. А гандаль — гэта ж камунікацыя. І другое. Не кінецца сёння замежны прыватнік ратаваць нейкую там фабрыку «Серж», або «Купалінку», або другога айчыннага вытворцу. Мы ж як дзяржаўнае прадпрыемства абавязаныя ім дапамагаць. Мы прадаем больш за 75% айчынных тавараў. Хоць нам, напэўна, лягчэй і прасцей было б закупляць танны хадавы тавар толькі ў камерцыйных структур, якія не патрабуюць перадаплату і гатовы прадаставіць працяглыя адтэрміноўкі плацяжоў. Яшчэ адзін нюанс. Не ў кожнай краме сёння гандлююць сацыяльна значнымі таварамі, напрыклад ніткамі, іголкамі, прадзівам, гузікамі. Гэты дробны танны асартымент прыбытку не прыносіць. Але ён запатрабаваны, і мы ім гандлюем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0