Працэс пачаўся у судзе Маскоўскага раёна Мінска 27 ліпеня. 28-гадовага Андрэя Гаўроша вінавацяць у супраціве міліцыянту, яму пагражае да 5 гадоў турмы.

Андрэй Гаўрош. Да здарэння ён працаваў наладчыкам абсталявання на «Кераміне»

Андрэй Гаўрош. Да здарэння ён працаваў наладчыкам абсталявання на «Кераміне»

Нагадаем, канфлікт адбыўся ў навагоднюю ноч. Сваякі Гаўроша не бачылі бойку, яны выскачылі з кватэры ўжо пасля стрэлаў. Па версіі міліцыі, праваахоўнікі папрасілі Андрэя зрабіць музыку ў кватэры цішэйшай, пасля чаго той кінуўся на аднаго з іх. Міліцыянт некалькі разоў стрэліў, каб спыніць п’янага мужчыну.

Пасля Андрэй трапіў у бальніцу. Па словах міліцыі, лячыўся і той супрацоўнік МУС, які страляў — у яго нібыта дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму.

Пацярпелы — Руслан Салаўёў, міліцыянт, памочнік дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Маскоўскага РАУС. У міліцыі ён з 2015 года.

Пацярпелы міліцыянт Салаўёў

Пацярпелы міліцыянт Салаўёў

«Гаўрош адмовіўся праехаць у міліцыю, выказваўся нецэнзурна, пагражаў фізічнай расправай, — зачытала абвінавачванне пракурор, — ударыў нагой па тулаве, пасля некалькі разоў рукой, хапаў Салаўёва за шыю, расшпіліў кабуру і хацеў адабраць пісталет». 

Андрэй Гаўрош сваю віну не прызнаў.

У тую навагоднюю ноч міліцыю выклікалі суседзі Гаўроша каля 7 раніцы, узгадаў Руслан Салаўёў. Ён паехаў туды.

Адчыніў яму дзверы менавіта Гаўрош. Ён быў моцна п’яны.

«Ён спытаў, колькі мне гадоў. Я сказаў, што няважна. Тады ён нецэнзурна мяне паслаў, — кажа Салаўёў. — Сказаў, што ён у сябе дома, што шумеў, шуміць і будзе шумець. Затым паследаваў удар нагой у жывот».

Пасля Гаўрош выйшаў у «тамбур» і схапіў яго рукамі за шыю, некалькі разоў ударыў галавой аб ліфт, затым нанёс некалькі ўдараў кулаком па галаве, сцвярджае Салаўёў.

«Я збіў яго руку са сваёй курткі, заўважыў, што клапан кабуры адкрыты. Я зразумеў, што ён хацеў выцягнуць табельную зброю.

Я дастаў пісталет, зняў з засцерагальніка, адправіў патрон у патроннік і сказаў, каб ён спыніўся, іначай я буду страляць, — расказвае Салаўёў. — На што ён [Андрэй Гаўрош] накіраваўся ў мой бок, схапіў маю руку з табельнай зброяй, другой рукой узяў мяне за каўнер і пацягнуў. Пачалася барацьба. Руку з пісталетам ён цягнуў на сябе. Адбыўся стрэл».

«Абвінавачаны адрэагаваў на стрэл?» — пацікавілася пракурор.

«Не. Цягнуў далей, — сказаў пацярпелы міліцыянт. — Пасля ізноў была барацьба і два стрэлы. Мы былі ў хаатычным руху, куды трапілі кулі, я не бачыў».

Пры гэтым міліцыянт прызнаў, што свядома страляў толькі ў першы раз. Апошнія два стрэлы адбыліся «самі».

«Гаўрош пасля пачаў асядаць. Выйшлі людзі з кватэры. Я падняўся ўверх па лесвіцы, сказаў, каб ніхто да мяне не набліжаўся. Пазваніў у дзяжурную частку з мабільнага, паведаміў аб ужыванні табельнай зброі. Мне сказалі чакаць супрацоўнікаў. Я сыйшоў уніз, адкрыў дамафон і чакаў супрацоўнікаў. Праз 20—30 секунд былі супрацоўнкі дэпартамента аховы. У мяне забралі пісталет і адвезлі мяне ў Дом міліцыі».

Пракурор пацікавілася, чаму міліцыянт не аказаў дапамогу параненаму мужчыну.

«Каля абвінавачанага быў агрэсіўна настроены натоўп. Мне трэба было да іх спусціцца для гэтага…» — патлумачыў Салаўёў.

Таксама ён расказаў, што 10 дзён пасля лячыўся ў шпіталі МУС. У яго было страсенне мазгоў.

Варта адзначыць яшчэ два моманты. Салаўёў адправіўся на выклік адзін — але гэта было забаронена. Аднак больш супрацоўнікаў не было, і дзяжурны адправіў міліцыянта без напарнікаў. 

Таксама высветлілася, што Салаўёў не мог выкарыстаць газавы балон, бо той скончыўся, а новы трэба было набыць за свой кошт. На гэта Салаўёву, па яго словах, не хапіла часу.

Дубінку яму ўвогуле не выдавалі — у сваіх паказаннях ён паведаміў, што тая дубінка «выдаецца адна на ўсю дзяжурную частку».

Напрыканцы сваіх паказанняў Салаўёў папрасіў спагнаць з Гаўроша 87 рублёў — за пашкоджаную міліцэйскую форму.

Затым выслухалі сведку — 24-гадовую Вікторыю, якая і выклікала міліцыю ў тую ноч. Але яе паказанні падрабязнасцяў асабліва не дадалі.

«Мы з мужам прачнуліся каля 4 гадзіны ночы ад гучнай музыкі. Музыка была з кватэры пад намі. Мы пачакалі да 6 гадзіны. Муж схадзіў, пагаварыў, музыку выключылі, але шумелі, працягвалі весяліцца. Тады я пазваніла ў міліцыю, — узгадала Вікторыя. — Прыйшоў міліцыянт, пазваніў у дамафон. Мы адчынілі. Ён зайшоў да нас, пасля пайшоў да суседзяў. Вярнуўся да нас яшчэ раз — суседзі спачатку не адчынілі яму. Але ён чуў, што ў суседскай кватэры шумяць — і пайшоў туды яшчэ раз».

Пасля, кажа Вікторыя, яна пачула хлапкі і крыкі: «Забілі!» Яна адчыніла дзверы, адчула пах пораху, але муж зацягнуў яе назад у кватэру. Больш таго міліцыянта жанчына не бачыла. Што адбывалася на лесвічнай пляцоўцы суседзяў, таксама не ведае.

Прыкладна тое ж самае распавёў і муж Вікторыі.

Таксама суд выслухаў Анастасію Гаўрош — жонку абвінавачанага. Яна расказала, што Новы год адзначалі ў іх кватэры разам з сябрамі, было 8 чалавек. За ноч выпілі каля 4 бутэлек гарэлкі на кампанію. Каля 4 гадзіны раніцы хадзілі «на ёлку», пасля вярнуліся ў кватэру. Уключылі тэлевізар, гучала музыка, спявалі і самі госці.

Пасля візіта суседа музыку зрабілі цішэй, кажа Анастасія. Яна паціху пачала збіраць і мыць брудны посуд.

Неўзабаве пазванілі ў дамафон. Муж выйшаў з кватэры — што там адбывалася, жанчына не бачыла, толькі пачула хлапкі. Спачатку падумала, што, можа, навагоднія хлапушкі, але пасля хтосьці сказаў, што ў Андрэя стралялі… Анастасія выбегла і ўбачыла, што муж ляжыць на пляцоўцы ў крыві.

«Муж быў у свядомасці, казаў, што яму вельмі баліць. Дзяўчына з нашай кампаніі прынесла ручнікі, мы заціскалі рану», — узгадвае жачына.

Што рабіў міліцыянт у той момант, яна не заўважыла — была занятая мужам.

***

Пасля здарэння МУС праводзіла праверку паводзінаў свайго супрацоўніка, але парушэнняў не знайшлі. Гэта падкрэсліваў і міністр МУС Ігар Шуневіч, адзначыўшы, што маладому міліцыянту хіба «трохі не хапіла прафесіяналізму».

Дайшла гэтая гісторыя нават да Лукашэнкі. Ён таксама падтрымаў міліцыянта.

«Што гэты пацан няправільна зрабіў? Гэта яго права. У яго шырокі сегмент выбару: або ён ужывае зброю, або пачынае змагацца. Ён, ацаніўшы сітуацыю, ужыў зброю. У рэщце рэшт не застрэліў. Гэта сігнал грамадству, што валтузні з падонкамі не будзе», — казаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?