«Я перастаў пераймацца наконт таго, што ўсе мае перажыванні адразу заўважны на твары. Артыст не можа быць артыстам, калі ён не перажывае пачуцці і не правакуе эмоцыі, — гаворыць музыкант, прадусар, лідар гурта «Палац» Алег Хаменка. — У мяне ёсць лекцыя па выкарыстанні эмацыйнага кантэнту ў шоу-бізнэсе, дзе ёсць дакладнае апісанне каля 100 розных чалавечых эмоцый».

Пасля эмацыйнай фотасесіі ад Таццяны Менскай музыка агучыў настрой і эмоцыі ўласных фотапартрэтаў. I вось што атрымалася…

Ні разу не мача 

Мача? Не, я не лічу сябе мача. Мяне нават раздражняе, калі ідзе гаворка пра нейкіх там мача.

Раней мне падабалася, як я выглядаў: y свае 18 я быў проста «зайчыкам», глядзі! Ну, не сказаў бы, што я не сімпатычны.

А ў свае 27 меў ужо доўгія валасы, адкрыты лоб, квадратнае падбароддзе, карацей — артыст.

Доўгія валасы

У 80-я доўгiя валасы лiчылiся атрыбутам пратэсту — гэта было модна. Зараз я не пратэстую. Проста так мне сапраўды камфортна.

Дарэчы, чаму святары заўседы маюць доўгія валасы? Чаму чарадзеяў мы ўяўляем толькі з доўгімі валасамі? Дзеля чаго абразаюць валасы тым, хто ідзе ў армію, каго садзяць у турмы? Каб не было вошай? Смех! Дзяўчыне, якая выходзіць замуж, таксама раней падразалі валасы. Вы задумваліся чаму?

Для мяне адказ відавочны: доўгі волас дае магчымасць захаваць уласную харызму і дапамагае трансляваць уласны ўплыў.

Гэта не абарона сябе ад нейких там энергій, а мажліва, наадварот, напад. Бо валасы ў чалавека — гэта своеасаблівыя антэны, якія ўзмацняюць яго ўплыў на іншых. Чалавек, выгалены налыса, страчвае сваю індывідуальнасць. І я не хлушу, калі кажу, што пастрыжаным адчуваю сябе звычайным шэрагоўцам ці салдатам.

Не стрыгуся коратка з 22 гадоў, як прыйшоў з войска.

Харызма, жанчыны і IQ

Харызма падабаецца людзям, і, безумоўна, прыцягвае.

Сэксуальнасць мужчыны моцна звязана з інтэлектам і магчымасцямі, у тым ліку і з тымі, што дае ўлада. Жыццё паказвае, што мужчыны, якія маюць уладу, неяк магічна прыцягваюць увагу жанчын. I cамыя разумныя дзеўкі, калі бачаць вялікага начальніка, неяк губляюцца, паводзяць сабе стрымана i сцiпла.

Я злавіў сябе на тым, што мне падабаюцца светлавалосыя жанчыны беламора-балтыйскага антрапалагічнага тыпу і, безумоўна, сарматкі. На жаль, жанчын не малявалi на сармацкiх партрэтах.

Хм, калі IQ жанчыны звыш 145, я… губляюся, станаўлюся стрыманым i сцiплым. Можаце думаць, што гэта панты, але мне падабаюцца разумныя жанчыны — люблю выдатніц. А калi яны яшчэ i прыгожыя… Эма Уотсан, Шэран Стоўн, Шэрліз Тэрон. Дарэчы, Наталi Портман мае навуковую ступень. І гэта крута.

Псіхоз і насцярожанасць 

«Жыць трэба ў небяспецы», — казаў Нiцшэ. I гэта станоўчы бок паранаідальнага стану.

Параноя звычайна пачынаецца ў сталым узросце, і для яе характэрна паступовае развіцце лагічна пабудаваных, монатэматычных сістэматызаваных звышкаштоўных ідэй.

І гэты «хранічны псіхоз», безумоўна, у мяне ёсць, — жартуе Алег, — але мне здаецца, я яго кантралюю.

Казкі і эмоцыі

Я не такi ўжо i добры казачнiк. Хаця казкі баю даволі часта. Дык вось раскажу вам «страшную казачку», дарагія дзетачкі…

Уся сучасная забаўляльная індустрыя падпарадкавана мэце кіравання эмоцыямі людзей і супольнасцей. Толькі такім чынам цяпер можна здабываць грошы сістэмна і доўгатэрмінова. А мастацтва і культура займаюцца арганізацыяй прасторы для пачуццяў і эмоцый. Той, хто здолее растлумачыць механiзмы ўзаемадзеяння эмоцый i пачуццяў, напэўна, здолее растлумачыць большасць тых працэсаў, якія нас чакаюць у ХХІ стагоддзi. Праблема сучаснага сусвету ў тым, што людзі пачалi прыцiскаць эмоцыі альбо жыць толькі эмоцыямі, без рэфлексii, не ўсведамляючы іх, а гэта ёсць прамая пагроза псiхiчнаму стану. Тэракты, войны здзяйсняюцца ў замбаваным стане эмацыйнага афекту.

Хітрасць і мудрасць 

Хітрасць — мудрасць раба. У беларускім фальклоры шмат казак, дзе абхітрыць пана лічыцца ледзь не подзвігам. Упэўнены ў сябе чалавек не мае неабходнасці хітрыць. Бо мудрасць — гэта здольнасць чалавечага розуму. Мудрасцi даецца звыш або зусім не даецца. Дык вось, хітрасць — вымушаная падмена той самай здольнасці, якая не была дадзена чалавеку звыш…

Я, калi нейкiя хiтрыкi здзяйсняю, выдатна разумею — мудрасцi не стае…

Дэманізм

Увогуле, тое, што мы завём «дух», грэкі называлі «дэман», або «дайман». Потым ў міфалогіі так назвалі добрых і дрэнных істот, апякуноў прадметаў і з’яваў.

Платон называў «дайманам» «унутраны голас» чалавека — сумленне. А рымляне дэманам называлі таго, каго мы цяпер завём «геній».

Першыя хрысціяне лічылі «анёла-ахоўніка» таксама дайманам. А ўжо пасля «дэман» стаў сінонімам слова «бес» у славян.

А вось у англа-саксонцаў пры перакладзе з лацінскай Бібліі дэман стаў д’яблам. Для мне «дэманы» — гэта ўсё роўна «паганскія багі».

Радасць

Самая складаная эмоцыя — эмоцыя радасці.

Знешнія праявы гэтай эмоцыі вельмі розныя — ад жаху да здзіўлення. Час ад часу яе папросту немагчыма ідэнтыфікаваць. Чалавек смяецца. Ён радуецца? А вось ад шчырай радасці людзі могуць i плакаць.

Для мяне больш уласціва эйфарыя, адчуванне нейкай iмгненнай шчаслівасці, з таго, што усё атрымалася нечакана добра. I з гэтага цябе ахоплiвае нейкі ўзнёслы настрой. Можа, гэта радасць? Магчыма, радасць я адчуваю, калі стомлены кладуся спаць.

Падчапіць знаёмых, справакаваць кагосьці, пагарэзіць я люблю. Сябры ведаюць гэта і даруюць. І мяне падчэпліваюць, хоць я сам рэагую на гэта раздражнёна, ледзь не са злосцю. Вельмi cмешна бывае, а бывае i радасна.

Шрэкаўскі коцік

Мая экстравертнасць цалкам наіграная… Каб паказацца на cцэне шчырым экcтравертам, мне трэба тыдзень быць інтравертам. Каб аддаць энергію, трэба пэўны час быць як акумулятарчык.

Дома, на студыi мне бывае вельмі камфортна сам-насам. Але ў такім стане знаходзіцца доўгі час, напэўна, нельга, i я прымушаю сябе падзяліцца энергіяй..

Дараваць прыйдзецца ўсё

Ні ў якiм разе нiчога не трэба забываць. Але абавязкова трэба дараваць усе крыўды нават злачынцам i забойцам, усiм без выключэння. Іншая справа, што для таго, каб шчыра дараваць злачынства, патрэбна вельмі шмат часу. Магчыма, усё жыццё.

Дараваць трэба вучыцца. Калі ты усё памятаеш, ведаеш, адчуваеш, разумееш, тады i можаш дараваць шчыра. Толькі так можна спыніць тыя негатыўныя энергіі, якія зараз лунаюць паўсюль.

Чалавек

Толькі ў асяроддзі людзей чалавек робіцца чалавекам. Чалавек, які ў маленстве трапiў у зграю ваўкоў, сабак ці малпаў, ужо ніколі не стане чалавекам. У псiхалогii гэта завецца «сiндром Маўглi».

Чаму ва ўсіх легендах усiх народаў ідзе размова, што даўным-даўно людзi жылi сярод багоў? І вось мацi здзiўляецца, адкуль у яе дзiцяці гэтая рыса цi гэты навык. Вібрацыі, пахі, гукi, любыя антрапагенныя энергіі — усё навакол уплывае на тое, што робіць чалавека чалавекам. Таму галоўная ідэя ў ачалавечваннi людзей адводзіцца соцыуму, якасць якога фармуюць культура і традыцыі.

Арганізацыя нашага соцыуму — гэта і ёсць лад жыцця.

Дарэчы, нiхто не гарантуе, што праз некалькi тысячагоддзяў сабакi не пачнуць размаўляць. А потым у сваiх легендах напiшуць, што жылi побач з багамi…

Далі ўдалі

На гэтым фота я падобны да Сальвадора Далі? Нешта падобнае на яго карціны мне сапраўды снiлася. Далі казаў: «Ненармальны той, хто не разумее майго жывапісу».

Так што я… цалкам нармальны. А калі актуальна перайначыць: «Ненармальны той, хто не разумее нашых традыцый i ладу жыцця». Ну i майго фальклору, — усмiхаецца Алег.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?