Колькасць тых, хто прыехаў на працу ў Беларусь, працягвае скарачацца: за шэсць месяцаў у нас працаўладкавана на 2,5 тысячы замежнікаў менш, калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым больш за 11 тысяч беларусаў сёлета з'ехалі за мяжу працаваць па дамовах і кантрактах, аналізуе tut.by статыстыку Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, - і гэта амаль на 1,2 тысячы чалавек больш, чым за той жа перыяд мінулага года.

Зарабляць за мяжой ад студзеня да чэрвеня гэтага года наважыліся 5018 беларусаў. Часцей за ўсё яны з'язджалі ў Расію: за шэсць месяцаў такіх было 2991 чалавек. 1119 уладкаваліся на працу ў Польшчы, а 432 - у ЗША. Калі ў Расеі і Польшчы беларусы часцей запатрабаваныя як прадстаўнікі працоўных спецыяльнасцяў (2602 і 1087), дык у ЗША, як правіла, з'язджаюць, каб стаць работнікамі сферы абслугоўвання і гандлю (427). Кіраўнікоў з ліку беларусаў, якія атрымалі працу за мяжой, толькі 14. Усе яны працаўладкаваліся ў Расіі. Шукаюць працу за мяжой часцей за ўсё мінчукі і жыхары Магілёўскай вобласці.

Ад студзеня да чэрвеня ў Беларусі атрымалі працу 8627 іншаземцаў з 74 краін. Больш за ўсё сярод іх кітайцаў (3086), украінцаў (2339) і расіян (1222). Хапае прыезджых з Узбекістана (250), Арменіі (196), Азербайджана (164) і Літвы (160). З Швейцарыі, Нігерыі, Лівіі і Кубы — па адным чалавеку. Без уліку грамадзян ЕАЭС, лідзіруюць сярод імігрантаў прадстаўнікі працоўных спецыяльнасцяў (3491), а таксама кваліфікаваныя работнікі і спецыялісты (2130). Менш за ўсё - занятых у сельскай гаспадарцы (374).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру