У пачатку 2000-х падчас краязнаўчай паездкі па Круглянскім раёне знайшлі камень цікавай формы. Зверху яго была зраўняная паверхня, пляскатая, нібы стол. А бакі, што спускаліся з паверхні ўніз, былі таксама нібы крыху падцясаныя, каб надаць паверхні круглявасць.

Увагу прыцягнула не толькі цікавая форма, але і месца, у якім той камянь знаходзіўся. Ляжаў ён на вяршыні гары, якую, калі меркаваць паводле назвы найбліжэйшай вёскі, раней мясцовыя жыхары вылучалі з краявіду з абрадавымі мэтамі. А калі гара не абы-якая, калі на ёй ляжыць камень не абы-якой формы — значыць, зусім не выключана, што камень мог служыць у якасці старажытнага паганскага ахвярніка, на які складвалі ахвяры — дзеля ўраджаю ці якога яшчэ прыбытку.

Але камень гэты ляжаў заваленым набок — пляскатая паверхня «пазірала» не ўверх, а крыху ўбок. Таму яшчэ тады, з дзясятак гадоў таму, узнікла жаданне паставіць камень у яго, як можна меркаваць, пачатковае становішча — «сталом» да неба. Аднак зрабіць гэта было не так лёгка, бо камень сыходзіў глыбока ў зямлю і зварухнуць яго не было хуткай справай.

Урэшце ў мінулую нядзелю, 23 ліпеня, з Менску і Магілёва на гэтае месца на Кругляшчыне прыехалі ў складзе групы энтузіясты, якія зацікаўленыя ў аднаўленні старажытнай дахрысціянскай спадчыны.

Рыдлёўкамі падкапаліся пад камень, а драўляным рычагом, абапертым на камяні, узнялі паваленую каменную глыбу і паставілі на месца. А каб замацаваць зробленае і пакінуць сабе ўражанняў, ачысцілі пляцоўку і побач камянямі абклалі месца для вогнішча, якое адразу ж з урачыстасцю і запалілі.

Вось так у адным з раёнаў Магілёўшчыны, далёка ад буйных гарадоў, прыхільнікі даўніны аднавілі яшчэ адно прыгожае месца, у якім некалі падтрымлівалі сувязь з продкамі і сіламі навакольнага свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?