У адказ на новыя санкцыі ЗША Расія можа выслаць з краіны 35 амерыканскіх дыпламатаў, а таксама арыштаваць нерухомасць пасольства ЗША, піша «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы ў МЗС РФ.

Паводле «Коммерсанта», меры ў адказ Масквы будуць улічваць і дыпламатычны скандал канца мінулага года, калі амерыканскія ўлады выслалі з краіны 35 расійскіх дыпламатаў і арыштавалі два аб'екты дыпуласнасці.

«Паколькі дакумент робіць фактычна немагчымым вяртанне Расіі яе дыпламатычнай нерухомасці ў ЗША, арыштаванай яшчэ пры ранейшай адміністрацыі, улады Расіі могуць накласці арышт на дачны комплекс амерыканскай амбасады ў Срэбраным Бары і іх складскія памяшканні», гаворыцца ў матэрыяле.

Таксама Расія можа выслаць 35 амерыканскіх дыпламатаў. Акрамя таго, расійскія ўлады абмяркоўваюць «магчымасць абмежаваць максімальную колькасць супрацоўнікаў амерыканскай дыпмісіі ў Маскве».

Як распавёў РІА Навіны намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па міжнародных адносінах Аляксей Чэпа, сіметрычны адказ на пазбаўленне расійскай дыпуласнасці быў падрыхтаваны даўно. Паводле слоў парламентарыя, меры ў адказ створаць максімум нязручнасцяў знаходжання амерыканскіх дыпламатаў у Расіі.

Напярэдадні палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША большасцю галасоў ухваліла законапраект па санкцыях супраць Расіі, Ірана і КНДР. У бліжэйшы час дакумент разгледзіць сенат, пасля чаго ён паступіць на подпіс прэзідэнту.

У выпадку зацвярджэння новы пакет санкцый можа стаць самым маштабным ад пачатку 2014 года. Абмежаванні ў асноўным датычацца энергетыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0