Водгук на артыкул Вінцэся Мудрова «Полацак--Пскоў: апошняя чыгунка Імпэрыі».

Калі заходзіць размова пра чыгунку, адразу згадваю сваё дзяцінства. Разумею пачуцьці шаноўнага Вінцэся Мудрова для якога чыгунка сталася тым віртуальным лучвом між месцамі нараджэньня й дзяцінства. Мой жа пункт гледжаньня на аб’ект і, павязаныя зь ім праблемы, з Полацку.

У дзяцінстве я жыў з бацькамі ў Грамах, даволі ізаляваным раёне Полацку, які быў адрэзаны ад цэнтру чыгункаю.
Празь інтэнсіўны рух па ёй і адсутнасьць транспартнае разьвязкі рэйсавы аўтобус мог дабрацца да цэнтру не раней як праз гадзіну. Ізаляванасьць вызначала дзіцячыя зацікаўленьні. Грамаўскія хлопцы болей пазіралі на лес (як маладыя ваўкі). Там у лесе заўсёды можна было знайсьці чым забавіцца. Улетку пазьбіраць арэхаў, пагойдацца на алешынах, урэшце падсмажыць на вогнішчы сыраежак, або ўзятых з хаты скрылікаў хлеба. Узімку добра было праехацца па засьнежаным лесе на лыжах.
Часьцяком у сваіх паходах заходзілі за дарогу, што звалася лініяй, якая працінала лес за рэчкай Палатой з усходу (ад Баранава) на захад. Назва «лінія» нам была незразумелай, пакуль не даведаліся ад дарослых, што раней тут праходзіла чыгунка. Аднак на пытаньне, куды кіравала тая чыгунка большасьць дарослых адказу ня мела,
бо нашая частка раёну забудоўвалася пасьля вайны. Так заўсёды ў дзяцінстве: маеш болей пытаньняў, чым адказаў. Толькі значна пазьней я даведаўся што лучыла тая «лінія» Полацак зь Ідрыцай і йшла далей на Пскоў і Гдоў.

Полацкі чыгуначны вузел на мапе 1937 году.

Фрагмэнт чыгункі Полацак-Ідрыца, які захаваўся.

Зь цягам часу назапасіў болей зьвестак. Сапраўды, чыгунка Полацак-Ідрыца-Пскоў-Гдоў была збудаваная недзе ў 1915--16 г., а рух па ёй распачаўся пэўна толькі ў 1917 годзе. Дакладных зьвестак не стае з прычыны спэцыфікі яе выкарастаньня й неспакойнага часу. Шмат падрабязнасьцяў пэўна мог бы ў свой час распавесьці пра яе пабудову і адкрыцьцё руху

Янка Купала, які зь лета 1916 да восені 1917 служыў у вайсковым дарожна-будаўнічы аддзеле на станцыі Баравуха (пад Полацкам)
. На тэраторыі Беларусі новая чыгунка мела адно адгалінаваньне ад станцыі Сілкова да Юхавічаў.

Дзьве старыя чыгункі, што праціналі горад з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень, былі скіраваныя насамперш для вырашэньня эканамічных патрэбаў імпэрыі. Чыгунка Рыга--Арол (1866 г.) прызначалася для сувязі цэнтральных раёнаў Расеі з Балтыкай, адгалінаваньне Балагое-Сядлец (1907 г.) Мікалаеўскай чыгункі прызначалася для прывязкі да цэнтру прамысловых раёнаў Польшчы. Прынцыповай адметнасьцю новае чыгункі было тое, што будавалася яна з увагі не на эканамічныя патрэбы, але на рэаліі ваеннага часу. Чыгунка адносілася да катэгорыі ракадных, то бок ішла ўздоўж франтавой лініі і скарыстоўвалася для хуткай перадысьлякацыі войскаў.

Пасьля Першае сусьветнае вайны паўсталі новыя незалежныя краіны Эстонія, Латвія, Польшча і для савецкага кіраўніцтва існаваньне чыгункі было апраўданае ўжо палітычнымі патрэбамі. Яе ў 1920—30-я пэўна скарыстоўвалі для вырашэньня праблемаў забесьпячэньня УРаў умацаванае «лініі Сталіна», а пазьней у «вызваленчым» паходзе 1939 г. Адцінак Полацак-Ідрыца тады абслугоўвала Полацкая дыстанцыя шляху. Аднак ужо ў тым часе, як непатрэбнае, было дэмантаванае адгалінаваньне Сілкова-Юхавічы.

У часе Другое сусьветнае вайны чыгунка часта скарыстоўвалася нямецкімі карнымі часткамі дзеля мэтаў пацыфікацыі краю. У 1942-1943 г., калі верыць рэляцыям камадзіраў партызанскіх аддзелаў, на лініі Пскоў-Полацак імі было пашкоджана каля 1500 рэек. Аднак маюцца зьвесткі, што ў сакавіку 1944 г. нямецкія бронецягнікі Pz 51 і Pz 67 займаліся інтэнсіўным патруляваньнем гэтае лініі, і значыць чыгунка была ў добрым стане.

Па сканчэньні вайны шмат што зьмянілася ў рэгіёне. Вялікі магутны Савецкі Саюз паглынуў маленькія краіны Балтыі, і мяжа адсунулася далёка на захад. Яшчэ раней у выніку адміністрацыйных падзелаў вёскі Выдрыца (Ідрыца), Нішча, Галузіна, што некалі ўваходзілі ў склад Полацкага ваяводзтва, а потым у склад БНР і першай БССР, былі з тэрыторыяй былога Себескага павету забраныя да РСФСР. Таму патрэбы ў чыгунцы, асабліва адцінку Полацак-Ідрыца, не было, і яе аднаўляць ня сталі. Адцінак жа ад Пскову да Ідрыцы пасьля вайны фукцыянаваў, бо пра яго маюцца згадкі ў 1948 г.

Зразумела напісанае вышэй ня мусіць зьніжаць нашай цікаўнасьці да самога аб’екту. Таму энтузіястам, якія рушаць у больш чым стакілямэтровую вандроўку, апрача фотаапарату трэба запасьціся мапамі рэгіёну і чыгункі, але насамперш трываласьцю.

Мушу адзначыць, што першапраходзец Мудроў апісваючы пачатак чыгункі, згадаў пра адно адгалінаваньне ад чыгункі Полацак-Невель. На самой справе паводле мапы 1937 году існавала іх тры, і ля вёскі Баранава мелася два масты праз Палату. Адно адгалінаваньне прызначалася для руху ў бок Невеля, а два другія ў бок станцыі Грамы (або інакш Полацак 2). Пасьля Палаты чыгунка ішла на захад праз згаданы мной напачатку лес і, прайшоўшы па сёньняшнім 14-м завулку Касманаўтаў, дзе захаваліся рэшткі бэтоннага мастка, злучалася з адгалінаваньнем ад станцыі Полацак 1. А далей на ёй на поўнач у бок Расонаў (кірунак на Ідрыцу) празь нейкі кілямэтар знаходзіўся разьезд №20 (цяпер на тэрыторыі танкавага палігону).

Па сканчэньні вайны быў такі адноўлены адзін адцінак чыгункі. Гэта выезд з станцыі Полацак 1 да былога камбіната будаўнічых матэрыялаў. Працягласьць ягоная блізу 2,4 км і прызначаны ён быў для вывазу гатовае цэглы з камбінату. Тады ў векапомным 1970 годзе, ахоплены юнацкім энтузіязмам, Вінцэсь праскочыў гэты адцінак і не заўважыў, бо сканчаўся той яшчэ да Лазоўкі, а далей па былым насыпе йшла звычайная дарога. Пасьля заняпаду і ліквідацыі пры канцы 1990-х камбінату, зьнікла патрэба і ў чыгунцы.

З прычыны недагляду стан яе стаў пагаршацца: пагнілі шпалы, зьнялі лінію асьвятленьня ўздоўж чыгункі, уладальнікі катэджаў дэмантавалі некалькі рэек, каб забясьпечыць сваім машынам праезд да пабудоваў. Але захаваўся пазначаны на мапе 1937 году масток (хаця і перабудаваны) і хата былого блёк-паста №5, якая сёньня скарыстоўваецца пад прыватнае жытло.
Хто лянуецца, або ня можа далёка падарожнічаць, здолее безь вялікіх намаганьняў аўтобусам № 4 даехаць ад цэнтру да прыпынку «Шмідта», а потым, прайшоўшы ў левы бок па вуліцы Шмідта 500 мэтраў, дайсьці да пераезду праз тую чыгунку.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?