Народны дэпутат Надзея Саўчанка заявіла пра намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Украіны. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю выданню «Главком», піша РБК.

ТАСС

«Для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі на самай справе трэба няшмат — 2,5 млн грн, каб зарэгістравацца. Адкрываецца фонд, і шчыра гаворыцца: я збіраю грошы на прэзідэнцтва. Браць удзел я буду, а як далей — будзе відаць», — сказала Саўчанка ў адказ на пытанне аб тым, ці мае яна намер балатавацца ў прэзідэнты Украіны.

Раней, 19 ліпеня, Саўчанка зарэгістравала ў Міністэрстве юстыцыі Украіны сваю партыю — «Грамадска-палітычная платформа Надзеі Саўчанка». Тады яна падкрэсліла, што партыя не з'яўляецца спецыяльна створанай «пад яе» палітычнай сілай, а «ставіць мэтай змяніць палітычную сістэму Украіны канстытуцыйным шляхам».

Інфармацыя пра тое, што Саўчанка мае намер стварыць уласную партыю, з'явілася яшчэ ў красавіку — пра гэта паведамляла выданне «Страна.ua» са спасылкай на свае крыніцы. У маі ў інтэрв'ю польскаму выданню Krytyka Polityczna Саўчанка заявіла, што яе партыя возьме ўдзел у парламенцкіх выбарах ва Украіне.

У сваім інтэрв'ю выданню «Главком» Саўчанка пацвердзіла, што мае намер правесці ў Раду сваю партыю на бліжэйшых выбарах. «Скажам так, я б павяла на іх сваю партыю. Я прытрымліваюся такой канцэпцыі: людзі, якія былі ва ўладзе, больш не павінны там быць», — сказала Саўчанка. Па яе словах, людзі, якія «былі дэпутатамі хоць у адным скліканні, больш не павінны быць дэпутатамі ніколі».

Прэзідэнцкія і парламенцкія выбары адбудуцца ва Украіне ў 2019 годзе.

Паводле даных апытання грамадскай думкі, праведзенага кіеўскай сацыялагічнай групай «Рэйтынг» у канцы мая, за Саўчанка былі гатовыя аддаць свае галасы менш за 2% рэспандэнтаў. «Гэта сярод тых, хто ўжо заявіў аб сваім жаданні браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Сярод усіх апытаных яе паказчык яшчэ ніжэйшы — 1,3%», — сказаў дырэктар «Рэйтынгу» Аляксей Анціповіч. Па яго словах, узровень даверу да яе таксама вельмі нізкі — «цалкам ёй давяраюць толькі 1%, каля 10% — хутчэй давяраюць. Узровень недаверу да Надзеі Саўчанка цяпер складае 78%».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?