Карыстальнік Андрэй Байко выклаў на YouTube відэа, на якім дарогу пераходзіць цэлы статак кульгавых кароў. Гаспадарка, па словах аўтара, знаходзіцца ў вёсцы Ліпнішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.

На відэа чуваць, як мужчына каментуе тое, што адбываецца:

— Куды гэтыя каровы патрапілі? Увесь статак. У іх ва ўсіх пабітыя ногі нейкія хворыя. Ні адна нармальна ісці не можа. Ферма знаходзіцца каля Ліпнішак.

Мужчына пытаецца ў пастуха, чаму каровы кульгаюць. На што яна адказвае:

— На мяса хочуць!

У Іўі відэаролік ўжо бачылі і ацанілі. Каровы і праўда належаць да мясцовага СВК «Агра-Ліпнішкі». Старшыня Уладзімір Ціткоў распавёў TUT.BY, чаму жывёлы кульгаюць:

— Надзвычайнай сітуацыі тут няма. У кожнай гаспадарцы ёсць некаторая колькасць хворых жывёл. У нас іх прыкладна 70-80 галоў (усяго ў гаспадарцы 2200 кароў, 1190 — дойных). Яны сабраныя ў асобны статак, таму кіроўца і ўбачыў іх усіх разам. Каровы накіроўваліся ў стойла з пашы.

Па словах старшыні, у некаторых кароў хворыя капыты ў першую чаргу з-за ўмоў утрымання. Каровы ў Ліпнішках знаходзяцца ў будынку з бетоннай падлогай. Жывёлы могуць кульгаць і з-за запалення капытнай падэшвы і яе язвы, з-за капытнай гнілі і іншых хвароб.

— Для аздараўлення жывёл мы выводзім іх прагуляцца. Вось з такой прагулкі яны і назад вярталіся. Вядома, пра праблему мы ведаем і спрабуем вырашыць яе. Напрыклад, праводзім розныя працэдуры. У нас створаная спецыяльная артапедычная брыгада, у якой адсочваюць стан усіх хворых жывёл.

Па словах галоўнага ветэрынарнага доктара Іўеўскага раёна Франца Вараняўскага, кароў будуць лячыць.

— Па-першае, і гэта робіцца ў СВК, кароў трэба выводзіць на вуліцу. Па-другое, для жывёл будзем рабіць спецыяльныя капытныя ванначкі.

У раёне паабяцалі сачыць за сітуацыяй.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру