Міхась Сярэдзіч.

Міхась Сярэдзіч.

Ужо ў 20 гадоў Міхась меў дзве ўласныя крамы і такі-сякі капітал. Праз год, пакуль шукаў шчасця ў Маскве, страціў усё разам. Тады жыццё само падказала яму «правіла трох Б», якім ён кіруецца па сёння: Бог, Беларусь, бізнэс.

Пра прадзедаў, якімі ганарыцца

Міхась не першы бізнэсовец у сям’і. Хіба найбольшага поспеху ў гэтай справе дасягнуў яго прадзед, які ў свой час амаль усе ўменні здолеў, як цяпер гавораць, манетызаваць. А ўменняў у яго было надзвычай багата для аднаго чалавека.

«У майго прадзеда быў інжынерны склад розуму. Ён, да прыкладу, сканструяваў прэс, на якім можна было рабіць алей. Людзі ехалі з Украіны і тыдзень чакалі ў чарзе, каб скарыстацца прадзедавым абсталяваннем, — распавядае бізнэсовец.

— Акрамя таго, прадзед вырабляў бочкі, рабіў цэглу, валёнкі, лыжкі і відэльцы, зручныя расчоскі, што добра разыходзіліся сярод жыхароў іншых вёсак. Займаўся садам, бортніцтвам. Адным з першых зрабіў парнікі, дзе вырошчваў гуркі. Меў уласную краму. Адным з першых прыняў Хрыста ў пратэстанцкай царкве і ў той жа дзень разбіў усё віно, якім гандляваў. Бачыў, што яно нічога добрага не прыносіць. А калі Беларусь была пад Польшчай, прадзед даў магчымасць адкрыць у сваім будынку школу, куды мой бацька хадзіў да 4 класа».

Прыгадвае Міхась і іншага свайго продка, якім ганарыцца, хоць і не ўсе ў сям’і раздзяляюць яго пачуцці.

«Родны брат прабабулі быў патрыётам, што адкрыта агітаваў за незалежную Беларусь. За гэта яго моцна збілі, і ён страціў розум. Сваякі мне распавядалі пра гэта з пагардай, маўляў, не трэба было лезці, куды не просяць. Але для мяне гэта ў пэўным сэнсе гонар», — кажа малады чалавек.

Міхась разам з сястрой Аленай, яе мужам Алегам, пляменніцамі Насцяй і Ганнай і маці Кацярынай.

Міхась разам з сястрой Аленай, яе мужам Алегам, пляменніцамі Насцяй і Ганнай і маці Кацярынай.

Як сцягнуў чырвона-зялёны сцяг

Міхась гаворыць, што ад бацькоў не атрымаў ні беларускасці, ні Бога, бо іх пакаленне трапіла пад уплыў савецкай ідэалогіі. Аднак любоў да радзімы ў яго была з маленства, толькі што тады ён ставіў знак роўнасці паміж патрыятызмам і чырвона-зялёным сцягам.

«Калі глядзеў футбол, заўсёды заўзеў у чырвона-зялёным, — прызнаецца Міхась. —

Мне вельмі хацелася, каб у мяне быў сцяг. Памятаю, ля школы стаяў слуп, на першае верасня на яго ўздымалі сцяг, і ён потым там і вісеў. Мы яго знялі. Гэта быў мой першы сцяг, чырвона-зялёны. На жаль, бо проста мала што тады ведаў. Не было чалавека, які мог бы скіраваць мяне ў правільны бок. Але было жаданне ганарыцца краінай, народам, быў унутраны патрыятычны імпэт, які немагчыма было стрымаць.

Потым гэты сцяг згубіўся, і сябры падарылі мне новы».

Гаверла, Украіна.

Гаверла, Украіна.

Як плюнуў на кар’еру мастака дзеля бізнэсу

Усё сваё дзяцінства Міхась правёў у Пінкавічах, хадзіў у мясцовую школу, дзе калісьці выкладаў Якуб Колас.

«Пінкавічы — гэта амаль што Пінск, тры кіламетры да горада. Я ў Пінск ездзіў на заняткі ў мастацкай школе. Гэта ўвогуле асобная гісторыя, — пачынае ён расповед. —

Я так замучыў маці просьбамі аддаць мяне ў мастацкую школу, што яна адправіла мяне ў Пінск, бо ў вёсцы яе не было. Гэта былі найцудоўнейшыя часы! Я быў у тройцы найлепшых вучняў. Пасля восьмага класа павёз у Глебаўскую мастацкую вучэльню свае работы, каб мне падказалі, над чым папрацаваць перад паступленнем. Але мне сказалі, што з маімі працамі я ўжо паступлю.

Пасля гэтага мой імпэт знік, і я вырашыў займацца бізнэсам. Тым больш, ужо тады я разумеў, што мастацтвам вялікіх грошай не зараблю».

Як перапрадаваў агуркі і цыгарэты

Цікаўнасць да бізнэсу ў Міхася прачнулася яшчэ ў першым класе, калі ён збіраў мадэлі аўтамабіляў. Грошы, каб іх набываць, былі не заўсёды. Затое ў яго сястры была заколка з рознымі «дыяментамі», якія можна было абмяняць. Што юны прадпрымальнік і зрабіў.

Пазней ён гандляваў гароднінай у Пінску, Баранавічах, Мінску. Спачатку разам з бацькамі, а потым сам. Падключыў сяброў, арганізаваў свой пункт продажу. Прадавалі ўсё, што было: капусту, моркву, агуркі, бульбу, памідоры, пятрушку. Продаж ішоў цудоўна, таму ўжо ў сярэдняй школе Міхасю не трэба было прасіць грошы ў бацькоў, каб набыць сабе новыя нагавіцы.

«У 14 гадоў я падбіў сябра на іншую авантуру. У нас у Пінкавічах усе заўсёды вырошчвалі агуркі. У вёсцы нават была свая «Камароўка», дзе мы вялі аптовы гандаль.

Я пазычыў у сябра вялікі даведнік «Бізнэс Беларусь», сеў на ложак, узяў тэлефон і стаў абзвоньваць усе кампаніі запар. Пытаўся, каму патрэбныя гуркі. Дамовіўся з Уздой. Вырашыў закупіцца гуркамі ў нас на мясцовай «Камароўцы» і прадаць Уздзе даражэй. Бацькі пазычылі мне 300 даляраў, на той час гэта было як цяперашнія паўтары тысячы. Вялікія грошы, не кожная сям’я такія грошы мела.

Гэта быў вялікі давер да мяне. Сябру майму яшчэ не было 18 гадоў, затое яго бацькі падарылі яму аўтамабіль. Мы нанялі чалавека з правамі і паехалі ва Узду», — распавядае бізнэсовец.

Па дарозе кіроўца ўмудрыўся спаліць рухавік, але Міхась запэўнівае, што яны ўсё ж даехалі, агуркі здалі і атрымалі грошы, праўда, толькі праз два месяцы, ужо пры канцы лета. Кажа, і дзякуй богу, што ім увогуле заплацілі, бо калі пакупнікі ўбачылі хлопцаў, што прыехалі з гуркамі, сківіцы паадвальваліся.

«Калі ездзіў на канікулы да цёткі ў Мінск, набываў блокі цыгарэт, а потым у Пінкавічах прадаваў па адной. Хоць сам я ніколі не курыў, — дадае бізнэсовец. — Я ўвесь час думаў пра тое, як адчыніць краму ці кавярню, распрацоўваў бізнэс-планы, стратэгіі. У 11 класе раздабыў план мясцовага вясковага клуба, меркавалі з сябрам, што ў нас там будзе казіно».

Выпускны клас у Міхася выдаўся няпростым. Спачатку ён паехаў у піцерскі ліцэй, але калі бацька цяжка захварэў, вырашыў вярнуцца, каб сям’і было лягчэй. Грошай не было зусім, нават на новыя туфлі на выпускны вечар. Хлопец разумеў, што трэба паступаць на завочнае і ісці працаваць.

Міхась кажа, што з адукацыяй у яго не задалося. Ён пайшоў у пінскі філіял сельгасакадэміі на інжынера-механіка, але хутка зразумеў, што механізацыя зусім не яго канёк. Пазней скончыў праграму Executive MBA у бізнэс-школе Інстытута прыватызацыі і менеджменту на базе Універсітэта Казмінскага ў Варшаве.

Пасля бацька ўладкаваў яго рознарабочым, але тут ён пратрымаўся нядоўга. На шчасце.

Як зарабіў тэлевізар, вандроўку і аўто

«Неяк сядзеў з сябрам перад тэлевізарам, а там — бягучы радок: «У Пінску адчыняецца «Еўрасетка»». Я ўжо ведаў, што гэта такое, і кажу сябру: «Я там буду працаваць». Крама, якую адчынялі, была вельмі маленькая, а чарга на запаўненне рэзюмэ — вельмі вялікая. Трапіць было складана», — распавядае малады чалавек.

Калі Міхасю патэлефанавалі і сказалі, што яго хочуць запрасіць на сумоўе ў Брэст, ён скакаў ад радасці. Тады Міхась яшчэ не зусім разумеў, што такое сумоўе, і вырашыў, што яго ўжо ўзялі. У той жа дзень ён аб’явіў бацькам, што яго трэба тэрмінова звольніць, каб ён змог уладкавацца на новае месца.

«Я сеў на цягнік і паехаў у Брэст. Там крама вялікая, у некалькі разоў большая, чым у Пінску. Дачакаўся чаргі, мне сталі задаваць пытанні. Пасля сумоўя сказалі, што ім трэба падумаць. Я стаў і стаю, гляджу на вітрыну. Чакаю, пакуль яны падумаюць. Я і не здагадваўся, што «падумаць» — гэта можа быць два-тры дні, — усміхаецца Міхась.

— Тут да мяне падыходзіць дзяўчына, што была на сумоўі, і пытаецца: «Чаго ты чакаеш?». Кажу: «Чакаю, пакуль скажаце, калі выходзіць». Яна ўсміхнулася і пайшла размаўляць з кіраўніком. Мяне ўзялі, я выйшаў на працу 31 снежня».

Матывацыя там была збудаваная так: першыя тры месяцы новапрыняты працуе па дамове падраду ў якасці стажора, а ўсе прыбыткі ад продажаў ідуць галоўнаму прадаўцу. Паколькі ён не асабліва зацікаўлены ў тым, каб стажоры пераходзілі ў шэраг спецыялістаў па продажах, экзамен па выніках стажорства з першага разу амаль ніхто не здае. Міхась здаў адразу.

«Я зубрыў усё! Нідзе і ніколі я так больш не зубрыў. На той момант для мяне гэта быў самы галоўны іспыт у жыцці, — кажа бізнэсовец. — Пасля пачаліся акцыі кшталту «прадай тэлефон Fly і атрымаеш тое і тое». Так я выйграў тэлевізар, маці і цяпер яго глядзіць. Выйграў вандроўку ў Егіпет, адправіў маці на адпачынак.

Галоўная ж акцыя была — прадаць найвялікшую колькасць Samsung і атрымаць аўтамабіль. Я працаваў як шалёны, па 12-14 гадзін. Па ўмовах акцыі, не важна было, хто менавіта прадае. Колькасць прададзеных тэлефонаў на адным пункце дзялілася пароўну на тых, хто працаваў у гэты дзень. Патрэбная была каманда, і я стаў над ёй працаваць».

Каб займець гэтае аўто, чаго толькі Міхась не выдумляў. Працаваў і на сваім пункце, і на іншых. Тэлефанаваў у розныя крамы па ўсёй краіне і прасіў, каб яму дасылалі тэлефоны, якія б ён мог пасля прадаць. За некалькі месяцаў да канца акцыі ўжо было зразумела, што перамога яго.

Як згубіў усё разам

Міхась звольніўся з «Еўрасеткі» ў той жа дзень, калі забіраў аўтамабіль (праз месяц ён яго прадаў). Усе былі ў шоку, але ён разумеў, што яму больш няма чаго тут узяць.

У той час яго ўжо запрасілі ў «Новую Супру». За першыя чатыры месяцы супрацоўніцтва ён увайшоў у дзясятку найлепшых гандлёвых прадстаўнікоў кампаніі па краіне і зарабляў добрыя грошы — 1,5-2 тысячы даляраў. Хутка ён змог адкрыць у Пінску дзве ўласныя крамы бытавой хіміі.

Калі яго сябар, што раней з’ехаў у Маскву і ўзяўся за інтэрнэт-гандаль, запрасіў у свой бізнэс, Міхась вырашыў рызыкнуць. Адну краму прадаў сваёй сястры, другую — бацькам. Забраў усе грошы і паехаў. Гэта быў 2008 год, паўсюль глыбокі крызіс.

«На месцы высветлілася, што ўсё не так цудоўна, як мне малявалі. У сябра і яго калегі былі вялікія запазычанасці. Мяне ўзялі, каб крыху палепшыць сітуацыю. Офіс быў у паўпадвальным памяшканні, там нават святла не было. Мы там і працавалі, і жылі, — прыгадвае малады чалавек. — Здарылася так, што мой сябар захварэў. Пакуль я быў з ім у бальніцы, прыехалі праваахоўнікі і забралі ўсе грошы, што былі ў сейфе, і ўсе камп’ютары.

Зразумела, мы нічога не маглі даказаць. Інтэрнэт-гандаль толькі пачынаўся, яшчэ нават толкам не была распрацаваная бухгалтэрыя».

Міхась прыгадвае, што калі ён звальняўся з «Новай Супры», яго папярэджвалі, каб не сыходзіў з нагрэтага месца, дзе яшчэ ёсць куды расці, бо з Масквы вернецца голы і босы.

«Праз два тыдні майго знаходжання ў Маскве так і адбылося. Усё згубіў у адзін момант. Ад адчаю я проста хадзіў па парку і плакаў. Але я не мог прыехаць дамоў босым, трэба было працаваць. Я вырашыў, што абавязкова вярнуся, але з нейкімі дасягненнямі. Мы пачалі ўсё ад пачатку, — працягвае Міхась. —

Быў вельмі цяжкі час, не было ніводнага званка, выкручваліся, як маглі. Кожныя два-тры месяцы ў нас нешта здаралася: то бус гарэў з тэхнікай, то нанятыя кіроўцы з’язджалі з нашымі грашыма. Праз 6-7 месяцаў мы змаглі вылезці з пазык і нават знялі кватэру. Неяк ідзём мы раніцай на офіс, гляджу — дзверы адчыненыя. Забягаю ў кабінет, гляджу — сейф адчынены. Усе грошы, якія там былі, у нас зноў забралі, зноў канфіскавалі тэхніку. Я задаваўся пытаннем: чаму так? Я бачыў, што гэта не залежыць ад нас. Гэта моцна падштурхнула мяне да Бога».

Як пачаў размаўляць па-беларуску

Міхась кажа, у Маскве яго часцяком прасілі сказаць што-небудзь па-беларуску. Праўда, школа Якуба Коласа яму ў гэтым ніяк не дапамагала. «Прывітанне» — і на гэтым усё. Асэнсаваўшы свой промах, Міхась паставіў сабе за мэту ў 30 год пачаць размаўляць па-беларуску. Сваіх беларускамоўных сяброў ён папрасіў гаварыць з ім толькі на мове.

«Паколькі пратэстанты імкнуцца ўвесь час звяртацца да Бібліі, а я — пратэстант, то набыў яе беларускі пераклад і стаў кожны дзень чытаць. Так я атрымаў вялікі слоўнікавы запас, бо сайты чытаць проста, амаль усе словы ведаеш. Зацікавіўся гісторыяй, пачаў набываць сабе і дарыць сваякам гістарычныя кнігі. Дасылаў іх у Амерыку, Маскву. Памятаю, скупляў па дзесяць «Дзіцячых замоў» Лабадзенкі і раздорваў усім. Дарэчы, пра існаванне слова «жырандоля» я даведаўся якраз з гэтай кнігі», — дадае малады чалавек.

Пасля двух гадоў у Маскве Міхась усё ж вярнуўся ў Беларусь, паспеўшы зарабіць добрыя грошы на новы старт на радзіме.

«Калі вяртаўся, вырашаў: брацца за стартап у сферы IT ці працягваць рабіць тое, што ўжо працуе. Вырашыў працягваць займацца кліматычным бізнэсам, у мяне ўсё атрымлівалася. Я і сёння гэтым займаюся, аднак ідэя стартапа нікуды не знікла. Цяпер я займаюся ажыццяўленнем сваёй задумы і мару, што гэты стартап будзе выкарыстоўвацца па ўсім свеце», — дзеліцца планамі бізнэсовец.

Як страціў і зноў адшукаў каханне

Вяселле Міхася і Дар'і.

Вяселле Міхася і Дар'і.

Міхась кажа, што яго дзяўчыне не пашанцавала быць побач якраз у час, калі ён вельмі хутка крута мяняў сваё жыццё. Рэлігійным ён стаў практычна ў адзін момант, яго каханая папросту не магла за ім угнацца.

«То хадзіў на дыскатэкі ўвесь час, весяліўся, то рэзка стаў сур’ёзным. Я нават на стадыён не хадзіў на футбол, бо думаў, што калі заўзееш за адну каманду, то зычыш дрэннага іншай. Шмат штампаў было ў галаве, — тлумачыць Міхась. — Нашы стасункі з Дашай пачаліся яшчэ ў Пінску. Мы сустракаліся, калі я вучыўся ў Мінску, калі я паехаў у Маскву. Яна ведала мяне іншага. На 2010 год у нас было запланавана вяселле, але я яго адмяніў. Тады я не бачыў ад сваёй нявесты шчырасці ў яе шляху да Хрыста. Ёй было складана. Яна прыгожая сучасная дзяўчына, прыняць жорсткія межы, якіх патрабуе рэлігія, ёй было няпроста. І мы разышліся».

Дар'я.

Дар'я.

Упершыню пасля разрыву Міхась з Дашай сустрэўся два гады таму. Тады ён упершыню загаварыў з ёй па-беларуску.

«Памятаю яе твар: яна глядзела на мяне і не магла нічога вымавіць, — усміхаецца Міхась. — Сёння Даша таксама мае ўнутранае жаданне размаўляць па-беларуску. Мы паставілі за мэту даць дзецям беларускую мову, перадаць багацце нашай гісторыі, культуры, закласці хрысціянскія каштоўнасці. Зносіны з Богам дапамагаюць праходзіць розныя выпрабаванні».

Летась у ліпені пара зладзіла вяселле. У нацыянальных строях, з беларускім каларытам — усё як мае быць.

«Ёсць такі беларускамоўны хрысціянскі летнік, мы з Дашай пайшлі туды піянерважатымі. Мне прыйшла думка, што падчас летніку на гэтым цудоўным хутары трэба і вяселле рабіць. Дзецям мы нічога не казалі, таму вяселле ў апошні дзень летніку для іх было поўнай нечаканасцю. У якасці вясельнай забавы мы арганізавалі абліванне фарбай, было весела. А праз год у нас нарадзіўся сын Ян», — дзеліцца малады бацька.

Міхась кажа, цяпер у жыцці ён знайшоў баланс. «Правіла трох Б» для яго жалезнае.

«Сродкі ніколі не былі для мяне самамэтай. Яны мне патрэбныя для таго, каб зрабіць унёсак у росквіт нашай краіны і развіццё патэнцыялу нашага народу. Я мару пра той цудоўны час, калі мы ўбачым адраджэнне, рэнесанс нашай культуры і гісторыі. Мару пра тое, што беларусы будуць ганарыцца тым, што яны беларусы», — падводзіць рысу бізнэсовец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?