Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы фактах крадзяжоў грошай з офісаў прыватных фірмаў у маі—ліпені 2017.

Па падазрэнні ў здзяйсненні названых злачынстваў аператыўнікі крымінальнага вышуку пры падтрымцы спецназу «Алмаз» затрымалі групу расейцаў (4 чалавекі) і грамадзяніна Беларусі, жыхара Масквы, які выконваў ролю кіроўцы і «гіда» па вуліцах Мінска. Паводле следства, за сваю працу мужчына атрымліваў узнагароду, піша сайт Следчага камітэта.

Зламыснікі пранікалі ў офісныя памяшканні, узломваючы дзверы, шклопакеты, а пасля гэтага ўскрывалі сейфы і забіралі адтуль грошы.

Першае злачынства было здзейснена 30 мая ў адміністрацыйным будынку па вул. Сцебянёва, куды зламыснікі трапілі, пашкодзіўшы аконную раму і узламаўшы ўваходныя дзверы офісных памяшканняў. Больш за тое, металічным прадметам яны ўдарылі па галаве вартаўніка і звязалі яго. З сейфаў падазраваныя выкралі больш за 7 тысяч даляраў.

Праз два тыдні на той жа вуліцы з аналагічных офісных памяшканняў было выкрадзена 22 тысячы рублёў.

Гэтую ж злачынную групу падазраюць у выкраданні 5 тысяч даляраў з офісаў на вуліцы Бабушкіна ў ноч з 26 на 27 ліпеня.

Банду ўзялі пасля чарговага «налёту» на офісы па вуліцы Карвата ў Мінску. Там яны з офісных памяшканняў выкралі больш за 1 800 даляраў.

У аўтамабілі, на якім перамяшчаліся зламыснікі, былі знойдзеныя грошы і адзенне, у якім здзяйсняліся супрацьпраўныя дзеянні.

Цяпер ідуць экспертызы, мэта якіх — супаставіць сляды рук і абутку, транспартнага сродку з месцаў злачынства з біялагічнымі параметрамі падазраваных.

Падазраваныя таксама правяраюцца на дачыненне да аналагічных злачынстваў у іншых рэгіёнах краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0