Актрыса Жанна Маро, адна з найвялікшых зорак французскага кіно, была знойдзеная мёртвай у сваёй кватэры ў Парыжы. Ёй было 89 гадоў, паведамляе ВВС.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон сказаў, што Маро «ўвасабляла сабой кіно» і была «наватарам, які бунтуе супраць устаноўленага парадку».

Найбольшую вядомасць ёй прынесла роля ў фільме «Жуль і Джым» Франсуа Труфо 1962 года. Яна і сама лічыла гэтую працу найлепшай у сваёй кар'еры.

Актрыса знялася ў «Еве» Джозэфа Лоўзі ў 1961 годзе. Фота AFP

Актрыса знялася ў «Еве» Джозэфа Лоўзі ў 1961 годзе. Фота AFP

Жанна Маро нарадзілася 23 студзеня 1928 года ў Парыжы, у сям'і ўпраўляючага броварам Анатоля-Дэзірэ Маро і танцоркі Катрын Маро.

Кар'ера Маро пачалася вельмі рана — ёй не было і 20 гадоў, калі яе залічылі ў трупу тэатра Камедзі Франсэз у 1947 годзе. Аднак тэатр хутка надакучыў ёй, і яна некалькі гадоў здымалася ў малабюджэтным кіно.

З самага пачатку крытыкі не прадказвалі Маро вялікіх поспехаў, бо, па іх думку, яна не адрознівалася характэрнай знешнасцю ў параўнанні з папулярнымі актрысамі таго часу — Брыджыт Бардо і Катрын Дэнёў.

Нечаканы поспех

У канцы 1950-х яна знялася ў двух фільмах рэжысёра Луі Маля — «Ліфт на эшафот» і «Палюбоўнікі», якія адразу прынеслі ёй славу.

Пасля гэтага на актрысу пасыпаліся прапановы ад самых знакамітых рэжысёраў. Яна знялася ў фільме «Ноч» Мікеланджэла Антаніёні разам з Марчэла Мастраяні, а таксама ў «Дзённіку пакаёўкі» Луіса Бунюэля.

«Мне пашанцавала — я прыцягвала выдатных людзей. Яны захапляліся мною. Я для іх была нечым накшталт жыватворнай вільгаці, якая спрыяе ўсходам. Ім імпанавала тое, што я непадзельна аддавалася ў іх уладу і не ўмела адцягвацца паміж дублямі», — казала актрыса пра сваю працу з найлепшымі рэжысёрамі таго часу.

За фільм «Сем дзён, сем начэй» з Жанам-Полем Бельмандо у 1960 годзе яна атрымала прыз Канскага кінафестывалю.

Маро працавала з Орсанам Уэлсам і Брыджыт Бардо ў фільме «Віва, Марыя!» 1967 года. У Уэлса яна таксама знялася ў «Працэсе», «Паўночных званах» і «Вечнай гісторыі».

Маро сыграла з Брыджыт Бардо ў фільме «Віва, Марыя!» Фота Getty

Маро сыграла з Брыджыт Бардо ў фільме «Віва, Марыя!» Фота Getty

Орсан Уэлс называў Маро найвялікшай актрысай свету.

Пра ўласную працу Маро казала так: «Каб выказаць эмоцыі, іх трэба чэрпаць у самога жыцця. Я не рэпецірую да знямогі, не імкнуся загадзя пранікнуць у ролю, я проста яе абмяркоўваю з рэжысёрам і пачынаю гуляць».

Яе супрацоўніцтва з Франсуа Труфо было доўгім, і ў выніку з'явіўся адзін з найлепшых фільмаў «новай хвалі» — «Жуль і Джым», а таксама трылер «Нявеста была ў чорным».

Жанна Маро са Стывенам Спілбергам пасля атрымання ўзнагароды кінапрэміі Сезар ў 1995 годзе. Фота Getty

Жанна Маро са Стывенам Спілбергам пасля атрымання ўзнагароды кінапрэміі Сезар ў 1995 годзе. Фота Getty

У свае фільмы зорку «новай хвалі» звалі і сучасныя рэжысёры: так, напрыклад, яна знялася ў Люка Бесона ў «Яе звалі Нікіта» ў 1990 годзе і ў фільме Франсуа Азона «Час развітання» ў 2005 годзе.

За ўсё жыццё актрыса сыграла ў 142 фільмах.

Яна ніколі не лічыла сябе прыгожай і казала, што «фізічная прыгажосць — гэта няласка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?